Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 29 Сакавік 2019 11:02

Выкладчыкі ГрДУ імя Янкі Купалы ўпершыню асвойваюць тэхналогію эўрыстычнага навучання на англійскай мове

12921 1

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ў чацвёрты раз праходзіць адукацыйная праграма павышэння кваліфікацыі прафесарска-выкладчыцкага складу па адукацыйнай эўрыстыцы.

На гэты раз навучанне выкладчыкаў арганізавана на англійскай мове. У ходзе курсаў «Асновы эўрыстычнага навучання ва ўстанове вышэйшай адукацыі» слухачы знаёмяцца з методыкай навучання праз адкрыццё, магчымасці якой упершыню былі прадэманстраваны падчас вочна-дыстанцыйнага аргдзейнаснага курса «Методыка навучання праз адкрыццё: як навучаць ўсіх па-рознаму, але аднолькава» у красавіку-мае 2017 года. Аўтарам і вядучым курсу выступіў доктар педагагічных навук, прафесар Андрэй Кароль.

- У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ідзе паэтапнае фарміраванне сістэмы бесперапыннага павышэння педагагічнага майстэрства выкладчыкаў, - адзначыла начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення Марына Калацэй. - Важнымі элементамі сістэмы з'яўляюцца курсы павышэння кваліфікацыі, навучальныя семінары, майстар-класы, у тым ліку прысвечаныя эўрыстычнаму навучанню. Слухачам курсаў прапанавана пашыраная інавацыйная адукацыйная трыяда: эўрыстычныя падыходы ў адукацыі асвойваюцца ў іншамоўным асяроддзі з выкарыстаннем змяшанай тэхналогіі навучання (вочныя заняткі і вебінары).

У першы дзень курсаў мадэратар Алена Бэкман, кандыдат педагагічных навук, старшы выкладчык кафедры педагогікі і сацыяльнай работы, прадстаўнік Школы чалавекасаабразнай адукацыі распавяла аб сістэме эўрыстычнага навучання, ахарактарызавала асноўныя этапы распрацоўкі адкрытых заданняў, прывяла канкрэтныя прыклады з асабістай адукацыйнай практыкі. У другой частцы заняткаў была арганізавана групавая праца слухачоў. Пад кіраўніцтвам мадэратара Кацярыны Пчэльнік, выкладчыка Тэхналагічнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы слухачы распрацавалі некалькі варыянтаў адкрытых заданняў для студэнтаў гуманітарных і тэхнічных спецыяльнасцяў.

Завяршыў першы этап навучання выніковы вебiнар, на якім слухачы прадставілі вынікі групавой працы і атрымалі ад мадэратараў рэкамендацыі па паляпшэнні зместу распрацаваных адкрытых заданняў.

На думку слухачоў курсаў, першы дзень заняткаў быў напоўнены шматлікімі адкрыццямі, на шляху да якіх прыйшлося перажыць здзіўленне, разгубленасць, сумненні, ацаніць прычыны еднасці і значнасць актыўнага творчага пошуку. «Практычная накіраванасць заняткаў дапамагла не толькі лепш зразумець сутнасць адкрытага задання, але і згуртаваць каманду для выканання хатняй працы і задання для вебiнара, - падзялілася ўражаннямі Алена Середа, старшы выкладчык кафедры сістэмнага праграмавання і камп'ютэрнай бяспекі. - Да гэтага часу я выкарыстоўвала адкрытыя заданні інтуітыўна, на занятках зразумела важнасць іх пісьменнай метадычнай распрацоўкі».

Наступны этап курсаў павышэння кваліфікацыі «Асновы эўрыстычнага навучання ў ВНУ» на англійскай мове пройдзе 4-5 красавіка.