Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 25 Сакавік 2019 11:59

Таццяна Шчэрбач і Глеб Кадзенцоў: у ГрДУ імя Янкі Купалы названы імёны Міс і Містара Універсітэт - 2019 (ДАПОЎНЕНА)

IMG 3429

Сапраўднае шоу прыгажосці і мужнасці, элегантнасці і харызмы, грацыі і артыстычнага майстэрства "Міс і Містар універсітэт - 2019" адбылося ў купалаўскім універсітэце 22 сакавіка.

На працягу дваццаці гадоў штогадовы конкурс грацыі і артыстычнага майстэрства аб'ядноўвае адзіным творчым парывам маладых, энергічных і харызматычных студэнтаў і студэнтак Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Не стаў выключэннем і 2019 год.

Пачалося шоў з феерычнага дэфіле дзяўчат у эксклюзіўнай калекцыі вячэрніх сукенак «Гарадзеншчына ... Мой лёс ... Мая Радзіма». На пышных белых спадніцах прыгажунь - выявы славутасцяў Гродзенскай вобласці. Тут і галоўны корпус ўніверсітэта, і Гродзенскі абласны драматычны тэатр, і Лідскі замак Гедыміна, і Траецкі касцёл у Гервятах. Ідэю, якую прыдумалі ў ГрДУ імя Янкі Купалы, дапамаглі рэалізаваць салон вячэрніх і вясельных сукенак «Merry», мастак па тканінах - Алена Дзянісік.

Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка павітала гасцей мерапрыемства і пажадала ўдзельнікам поспехаў.

- Сёння ў нас асаблівы дзень: тут будуць запальвацца зоркі, - адзначыла Ірына Фёдараўна і нагадала гледачам пра тое, што ўжо на працягу пяці гадоў у рамках аднаго конкурсу ў купалаўскім універсітэце выбіраюць Міс і Містара. - Мы аб'ядналі два шоў і атрымалі цяперашнюю ўрачыстасць гармоніі, любові, прыгажосці, мужнасці, элегантнасці, харызмы, грацыі і артыстызму, - дадала Ірына Кітурка.

Словы падзякі ад рэктара ў гэты вечар прагучалі для бацькоў канкурсантаў:

- Дзякуй вам за тое, што вашыя дзеці такія актыўныя, смелыя, крэатыўныя і ініцыятыўныя, - сказала Ірына Фёдараўна і дадала: - Я абсалютна не згодна з устолівым выразам «прыгажосць выратуе свет». Бо паняцце прыгажосці ў кожнага сваё. Свет уратуе любоў і гармонія. Я жадаю вам усім сапраўднага кахання, вясны ў сэрцы і святочнай атмасферы!

Дарэчы, вядучыя ў шоў таксама зорныя: уладальнік тытула "Містар універсітэт 2018" Мікіта Гура, фіналіст праекта 2018 году Артур Барташ і фіналіст праекта 2016 года Яўген Смычкоўскі.

Амаль тры гадзіны канкурсанты, а гэта 9 дзяўчат і столькі ж юнакоў, здзіўлялі гледачоў сваімі творчымі і прамоўніцкімі здольнасцямі, дэманстравалі арыгінальныя касцюмы падчас тэматычных дэфіле і паражалі ўсіх пачуццёвымі танцамі.

Кожнае дэфіле конкурсу - як асобнае шоу. Хлопцы і дзяўчаты дзяліліся сваёй яркай энергетыкай падчас спартыўнага выхаду, зачароўвалі гледачоў плыўнымі рухамі беларускіх народных танцаў у нацыянальных касцюмах і перадавалі атмасферу свята і ўрачыстасці, дэфіліруючы ў вясельных строях.

Расказаць пра сябе і паказаць шматлікія таленты ўдзельнікі змаглі падчас творчага конкурсу. Хлопцы разважалі пра прыгажосць, успаміналі свае дзіцячыя мары, разважалі пра будучыню. Купалаўцы выконвалі кранальныя песні і эмацыйныя танцы, якія на сцэне ператвараліся ў сапраўдныя тэатральныя замалёўкі.

На сцэне ў гэты вечар былі не толькі ўдзельнікі конкурсу "Міс і Містар універсітэт - 2019". Бурнымі апладысментамі гледачы віталі пераможцаў і фіналістаў розных гадоў. Разам яны выйшлі на сцэну ў гонар 20-годдзя конкурсу, які ўпершыню прайшоў у 1999 годзе. Замілаванне ў зале выклікаў жартоўны выхад "Міс і містэра - 2030" - прыгожа апранутых дзяцей у дыядэме і цыліндры.

Тры месяцы рэпетыцый, перажыванні на сцэне, шматлікія конкурсы і дэфіле ў мінулым, аднак хваляванне ў зале не сціхае, усе чакаюць вырашэння галоўнай інтрыгі вечара.

Агучыла рашэнне журы і адкрыла канверты з імёнамі пераможцаў рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.

- Час праляцеў як адно імгненне! - сказала Ірына Фёдараўна. - Я хачу падзякаваць рабятам за той настрой, які вы нам сёння стварылі!

Уладальніцай тытула «Міс універсітэт - 2019» стала студэнтка 1 курса педагагічнага факультэта Таццяна Шчэрбач. Студэнт 2 курса юрыдычнага факультэта Глеб Кадзенцоў названы «Містарам універсітэт - 2019». Пераможцы ўзнагароджаны грашовымі сертыфікатамі ад універсітэта на суму 500 рублёў, а таксама атрымалі магчымасць бясплатнага навучання ў аўташколе «Автоэлита».

Дыядэму ручной працы і цыліндр, традыцыйныя сімвалы конкурсу, пераможцам уручылі Міс і Містар універсітэт 2019 года студэнтка факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Вольга Хілюта і студэнт юрыдычнага факультэта Мікіта Гура.

Былі названыя пераможцы і ў асобных намінацыях. Так, званне «Каралева вясна ГрДУ - 2019» атрымала студэнтка 2 курса факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Марыя Жук. Дзяўчына прадставіць універсітэт на гарадскім конкурсе «Каралева вясна».

Падчас шоў былі агучаны вынікі інтэрнэт-галасавання, удзел у якім прыняў 5061 студэнт і супрацоўнік купалаўскага ўніверсітэта. Кожны жадаючы мог прагаласаваць за ўпадабанага канкурсанта. З вынікам 428 галасоў «Містарам Інтэрнэт» названы Глеб Кадзенцоў, а «Міс Інтэрнэт» стала студэнтка 1 курса педагагічнага факультэта Таццяна Шчэрбач. За дзяўчыну прагаласавала 583 чалавекі.

У намінацыі «Містэр фота» абсалютным пераможцам стаў студэнт 3 курса юрыдычнага факультэта Раўшан Султанаў, сярод дзяўчат самай фотагенічнай названа студэнтка 2 курса юрыдычнага факультэта Вікторыя Рацьковіч.

Акрамя таго, журы вызначыла самую творчую пару. У намінацыі "Лепшы творчы нумар" узнагароджаны студэнт 1 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Вадзім Сачко і студэнтка 2 курса факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Марыя Жук. Купалаўцы пакарылі журы сваім пачуццёвым танцам.

Самай прыязнай сярод канкурсантак апынулася магістрантка факультэта фізічнай культуры Алеся Лозка, якая стала «Міс дружба», а лепш за ўсіх праявіў свае лідэрскія якасці студэнт 2 курса інжынерна-будаўнічага факультэта Арцём Болтуць і атрымаў званне «Містар лідэр».

У гледачоў у зале таксама была магчымасць паўдзельнічаць у шоў і назваць свайго фаварыта сярод канкурсантаў. Так, уладальнікам звання «Містар глядацкіх сімпатый» стаў студэнт 1 курса факультэта фізічнай культуры Данііл Аляшкевіч, а сярод дзяўчат гасцям спадабалася больш за ўсіх магістрантка факультэта фізічнай культуры Алеся Лозка. Дзяўчына стала «Міс глядацкіх сімпатый».