Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 06 Сакавік 2019 10:14

Прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы ў ліку пераможцаў конкурсу «Лепшая дыпломная і навукова-даследчая работа студэнтаў у галіне менеджменту і кантролю якасці» 2018 года

nauka logoКонкурс праводзіцца штогод Дзяржаўным камітэтам па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

 

Пераможцам конкурсу ў намінацыі «Лепшая дыпломная работа ў галіне кантролю якасці» стала дыпломная праца студэнта 4 курса ГрДУ імя Янкі Купалы Яраслава Кобылянца. Праца прысвечана ацэнцы метралагічных характарыстык спірт-паветраных сумесяў. Яе вынікі выкарыстоўваюцца ў Гродзенскім цэнтры метралогіі, стандартызацыі і сертыфікацыі, па заяўцы якога яна выконвалася.

У цяперашні час Яраслаў Кабылянец працягвае навучанне ў магістратуры фізіка-тэхнічнага факультэта па спецыяльнасці «Сучасныя метады і апаратура фізічных вымярэнняў». Навуковы кіраўнік студэнта - дацэнт кафедры агульнай фізікі, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Генадзій Васілюк.

Праца магістранткі факультэта біялогіі і экалогіі Надзея Качынская прызнана лепшай у намінацыі «Лепшая навукова-даследчая работа ў галіне кантролю якасці». Праца Надзеі Качынскай прысвечана вывучэнню кампанентнага складу цела і мікранутрыентнага статусу з улікам псіхаэмацыйнага стану і ўзроўню фізічнай актыўнасці чалавека, якія могуць разглядацца як важныя прэдыктары развіцця працэсаў стамляльнасці, дызадаптацыі, прадхваробных станаў, а таксама біямаркеры стану харчавання. Навуковы кіраўнік Надзеі - загадчык кафедры тэхналогіі, фізіялогіі і гігіены харчавання факультэта біялогіі і экалогіі, кандыдат біялагічных навук, дацэнт Наталля Башун. У намінацыі «Лепшая навукова-даследчая работа ў галіне менеджменту якасці» пераможцам стала магістрантка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксандра Занеўская.

Экспертная камісія, у якую ўвайшлі прадстаўнікі Дзяржстандарту, Міністэрства адукацыі, іншых рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і вядучыя спецыялісты ў галіне менеджменту і кантролю якасці, ацэньвала актуальнасць тэм прадстаўленых работ, метадалогію і метады даследаванняў, іх змест і глыбіню, навуковую навізну і значнасць атрыманых вынікаў, іх апрабацыю.

У тэму

Конкурс «Лепшая дыпломная і навукова-даследчая работа студэнтаў у галіне менеджменту і кантролю якасці» праводзіцца ў адпаведнасці з пастановай Дзяржстандарту Рэспублікі Беларусь ад 30.12.2005 № 62 штогод, пачынаючы з 2007 года. Сярод мэтаў конкурсу - павышэнне ўзроўню падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне менеджменту і кантролю якасці, ацэнка ўзроўню правядзення навукова-даследчай работы ў галіне менеджменту і кантролю якасці, стымуляванне адукацыйнай, навуковай і прыкладной дзейнасці ў галіне менеджменту і кантролю якасці, папулярызацыя перадавога вопыту ў галіне менеджменту і кантролю якасці, падтрымка таленавітых студэнтаў і магістрантаў, матывацыя навуковых кіраўнікоў дыпломных і навукова-даследчых работ.

Конкурс праводзіцца ў намінацыях «Лепшая дыпломная работа ў галіне менеджменту якасці», «Лепшая дыпломная работа ў галіне кантролю якасці», «Лепшая навукова-даследчая работа ў галіне менеджменту якасці», «Лепшая навукова-даследчая работа ў галіне кантролю якасці».