Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 06 Сакавік 2019 08:48

Выкарыстанне сучасных інтэрнэт-тэхналогій для фарміравання пазітыўнага іміджу арганізацыі і прадпрыемства абмеркавалі ў ГрДУ імя Янкі Купалы

91Удзельнікамі раённага навучальнага семінара, які прайшоў 4 сакавіка, сталі намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый Ленінскага раёна горада Гродна.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся намеснік кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна горада Гродна па сацыяльных пытаннях Аляксандр Коўш. Ад асобы рэктара ГрДУ імя Янкі Купалы Ірыны Кітурка гасцей таксама прывітаў прарэктар па выхаваўчай працы Васілій Сянько.

Падчас сустрэчы прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, устаноў культуры, спорту, прадпрыемстваў сувязі, гандлю, банкаў, вытворчых прадпрыемстваў, медыцынскіх устаноў, будаўнічых арганізацый і ЖКГ, сілавых структур абмеркавалі неабходнасць укаранення сучасных інтэрнэт-тэхналогій у функцыянаванне арганізацый і прадпрыемстваў, у прыватнасці - у стварэнне іх станоўчага іміджу.

Сваім прафесійным поглядам і даследчым вопытам у сферы інтэрнэт-камунікацыі з гасцямі падзяліліся прадстаўнікі кафедры журналістыкі і Цэнтра па сувязях з грамадскасцю купалаўскага ўніверсітэта.

Так, дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Тамара Піваварчык распавяла ўдзельнікам семінара аб асаблівасцях ідэалагічнай працы ў сетцы Інтэрнэт ва ўмовах лічбавай і сацыякультурнай глабалізацыі. Акрамя таго, Тамара Анатольеўна агучыла рэкамендацыі для правільнага вядзення акаўнтаў арганізацый у сацыяльных сетках, якія, на яе погляд, палепшаць імідж арганізацыі на інтэрнэт-пляцоўках.

Досвед працы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў віртуальнай прасторы прэзентаваў начальнік аддзела электронных камунікацый Цэнтра па сувязях з грамадскасцю Аляксандр Ёда.

Ва ўсіх удзельнікаў таксама была магчымасць наведаць інтэрактыўную экскурсію «Інфармацыйная палітыка і інтэграцыя медыярэсурсаў як аснова фарміравання пазітыўнага іміджу ўніверсітэта ў знешнім і ўнутраным асяроддзі», падчас якой ім прадэманстравалі медыя-магчымасці ўніверсітэта.

Акрамя таго, намеснікам кіраўнікоў па ідэалагічнай працы распавялі пра камунікатыўныя магчымасці мессенджера ў арганізацыі групавых і публічных зносін, прэзентавалі эфектыўныя формы прадстаўлення інфармацыі аб падзеях і мерапрыемствах на інтэрнэт-рэсурсах.