Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 28 Люты 2019 14:54

V Міжнародны турнір па валейболе сярод жаночых каманд на Кубак рэктара ўрачыста адкрылі ў ГрДУ імя Янкі Купалы

IMG 0624Спаборніцтвы сабралі спартсменак з Беларусі, Польшчы і Расіі ў сценах купалаўскага ўніверсітэта, якія сёння і заўтра будуць змагацца за першынство ў турніры.

Удзел у цырымоніі адкрыцця прынялі рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, упаўнаважаны рэктара Універсітэта ў Беластоку па супрацоўніцтве з універсітэтамі Усходняй Еўропы доктар Яраслаў Мацвяюк, старэйшы супрацоўнік Аддзела міжнароднага супрацоўніцтва Пётр Бялас, старшыня валейбольнага клуба «Гарадзенскі камунальнік» Аляксей Сівірчукоў, дэкан факультэта фізічнай культуры Андрэй Навойчык, загадчык кафедры фізічнага выхавання і спорту Вячаслаў Максімовіч.

Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка павітала ўдзельнікаў спаборніцтваў і гасцей мерапрыемства. Яна адзначыла, што турнір па валейболе сярод жаночых каманд на Кубак рэктара ўжо стаў традыцыйным у сценах купалаўскага ўніверсітэта.

– Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы славіцца сваімі высокімі спартыўнымі дасягненнямі. У нас працуюць пісьменныя трэнеры, вучацца таленавітыя студэнты, сярод выпускнікоў універсітэта - вядомыя на ўвесь свет алімпійскія чэмпіёны. Спорт сёння сцірае межы і робіць людзей бліжэй, - адзначыла Ірына Фёдараўна і пажадала ўсім удзельнікам поспехаў і сумленнай барацьбы: - Хай пераможа наймацнейшы, але сяброўства паміж вамі застанецца, не гледзячы ні на што!

У гэтым годзе ў спаборніцтвах прымаюць удзел пяць каманд - Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (трэнер - Станіслаў Лісоўскі), Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (трэнер - Наталля Вянцкоўская), АСДЮШАР імя А.М. Сапегі (трэнер - Мікалай Зігідулін), Універсітэта ў Беластоку (трэнер - Міраслаў Бэнь) і Балтыйскага федэральнага ўніверсітэта імя І. Канта (трэнер - Аляксандр Волкаў).

Дацэнт кафедры фізічнага выхавання і спорту Станіслаў Лісоўскі адзначыў, што турнір прыцягвае спартсменаў у ГрДУ імя Янкі Купалы, дзякуючы чаму ва ўніверсітэт паступае больш студэнтаў не толькі з гарадоў Беларусі, але і іншых краін.

Варта адзначыць, што ідэя правесці міжнародныя спаборніцтвы з'явілася пасля паспяховага выступлення каманды ГрДУ імя Янкі Купалы на Кубку рэктара Універсітэта ў Беластоку, які прайшоў у 2014 годзе і называўся «Садружнасць універсітэтаў памежжа» ў адпаведнасці з аднайменнай праграмай супрацоўніцтва. Пачынаючы з 2015 года, турнір  паспяхова праходзіць на базе ГрДУ імя Янкі Купалы..