Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Панядзелак, 25 Люты 2019 09:41

Да 79-годдзя ГрДУ імя Янкі Купалы выйшла трэцяя частка купалаўскага летапісу - «1978-1991 гады: Універсітэт і яго людзі»

1У кнізе шмат увагі нададзена людзям - знакавым постацям апісванага перыяду, зробленыя урэзкі з біяграфіяй навукоўцаў, а пры зборы інфармацыі выкарыстоўваліся не толькі архіўныя дадзеныя і перыядычны друк, але і ўспаміны людзей, якія працавалі і вучыліся тут у той час.

Кожны год гісторыі пазначаны асобна, вылучаныя асноўныя вехі ў развіцці alma mater, адлюстраваны найбольш значныя падзеі перыяду - стварэнне новых структурных падраздзяленняў, пераход да ўніверсітэцкіх стандартаў. Кніга адкрывае перад купалаўцамі студэнцкае жыццё, прыярытэтныя напрамкі навуковых даследаванняў, высокія дасягненні спартсменаў універсітэта на чэмпіянатах СССР, Еўропы, свету і Алімпійскіх гульнях.

Тэкст летапісу падмацаваны багатым ілюстрацыйным матэрыялам. Даследчыкам удалося знайсці больш за 300 раней не апублікаваных фатаграфій, частку з якіх можна ўбачыць у кнізе. У выданні выкарыстаны здымкі фатографа ўніверсітэта, які працаваў у той перыяд, Уладзіміра Сарокіна, фатаграфіі з архіва Музея развіцця ГрДУ імя Янкі Купалы, а таксама з асабістых архіваў выкладчыкаў і супрацоўнікаў універсітэта.

Галоўны рэдактар выдання - рэктар універсітэта Ірына Кітурка.

Нагадаем, што першая частка кнігі пад назвай «Вяртанне да вытокаў» выйшла ў 2017 годзе і распавядае аб пачатковым этапе развіцця педагагічнага інстытута з 1940 па 1960 год. Другая частка гістарычнага нарысу - «Гродзенскі дзяржаўны педагагічны інстытут - час назапашвання мудрасці», выдадзеная ў мінулым годзе, адлюстроўвае перыяд развіцця педагагічнага інстытута, які папярэднічае адкрыццю ў Гродне класічнага ўніверсітэта, - 1961-1977 гады.

Да 80-годдзя ГрДУ імя Янкі Купалы плануецца не толькі дапрацаваць чацвёртую частку летапісу «Вяршыні творчасці і навукі», якая ахоплівае перыяд з 1992 года па нашы дні, але і выдаць поўную друкаваную версію гісторыі ўніверсітэта. Яна дазволіць чытачам даведацца пра шлях купалаўскага ўніверсітэта ад моманту яго заснавання да нашых дзён.

З электронным варыянтам трэцяй часткі выдання, як і з двзюма папярэднімі, ужо можна азнаёміцца ў карпаратыўнай сетцы Інтранэт.