Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Серада, 13 Люты 2019 10:03

ГрДУ імя Янкі Купалы пашырае супрацоўніцтва з сеткай «Балтыйскі ўніверсітэт»

11835 1Выкладчыкі ГрДУ імя Янкі Купалы наведалі Талінскі ўніверсітэт у рамках праекта EduBUP «Пераасэнсаванне педагогікі для рэалізацыі адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця ў краінах Балтыйскай універсітэцкай праграмы». У рамках праекта адбыўся навукова-практычны семінар у Таліне.

Удзел у сустрэчы прынялі каардынатар праграмы «Балтыйскі ўніверсітэт» у ГрДУ імя Янкі Купалы, дацэнт кафедры перакладу і міжкультурнай камунікацыі Алена Гулевіч, дацэнт кафедры экалогіі Вольга Крамлёва, старшы выкладчык кафедры рамана-германскай філалогіі Алена Джух і кіраўнік Юрыдычнай клінікі, старшы выкладчык кафедры грамадзянскага права і працэсу Наталля Рамульт.

У ходзе пасяджэнняў былі абмеркаваныя прыярытэтныя сферы супрацоўніцтва ГрДУ імя Янкі Купалы з універсітэтамі краін рэгіёну Балтыйскага мора, якія ўваходзяць у сетку «Балтыйскі ўніверсітэт».

Вольга Крамлёва і Алена Джух прымалі ўдзел у мерапрыемстве ў якасці ментараў і курыравалі працэс працы над праектамі ўдзельнікаў з Беларусі, Польшчы і Калінінграда. Варта адзначыць, што на семінары працавалі ўсяго шэсць ментараў: два з ГрДУ імя Янкі Купалы, адзін з універсітэта Упсула, два з Эстоніі і адзін з Латвіі. Прадстаўніцы купалаўскага ўніверсітэта таксама выступілі з дакладам «Вопыт укаранення кампанентаў адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця ў цыкл педагагічных дысцыплін у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы». У рамках дакладу Вольга Крамлёва і Алена Джух распавялі, як у ГрДУ імя Янкі Купалы ўкараняюцца кампаненты адукацыі ўстойлівага развіцця ў навучальны, навукова-метадычны і выхаваўчы працэсы, прэзентавалі валанцёрскі рух на факультэце біялогіі і экалогіі.

Алена Гулевіч і Наталля Рамульт прадставілі драфт міждысцыплінарнага праекта па рэалізацыі прынцыпаў устойлівага развіцця ў ГрДУ імя Янкі Купалы «Implementation of tutorship practices for foreign students adaptation at YKSUG: intercultural and law issues». Плануецца, што праект будзе рэалізоўвацца факультэтам гісторыі, камунікацыі і турызму і юрыдычным факультэтам сумесна з Гданьскім політэхнічным універсітэтам (Польшча).

Усяго свае ідэі па ўкараненні прынцыпаў устойлівага развіцця адукацыі ў выкладаемы імі  цыкл прэзентавалі 17 каманд з універсітэтаў Беларусі, Польшчы, Прыбалтыкі, Расіі і Украіны.

Таксама ў межах сустрэчы выкладчыкі з Беларусі, Польшчы, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Швецыі абмеркавалі прэзентацыі прафесара Упсальскага ўніверсітэта Шэпарда Урэнье (Швецыя), прафесара Інстытута ўстойлівага развіцця Рэа Рауса (Эстонія) і прафесара Універсітэта Еўле Радрыга Лазана (Швецыя) .