Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Панядзелак, 04 Люты 2019 15:48

Студэнтка ГрДУ імя Янкі Купалы ў ліку лаўрэатаў фотаконкурсу «Мой родны кут» Выдавецкага дома «Беларусь Сегодня»

11572 1Праца «Царква ў вёсцы Сынкавічы» студэнткі 4 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Жанны Дзянішчык стала трэцяй у намінацыі «Мая малая радзіма».

– Царква святога Міхаіла - гонар нашай мясцовасці і не толькі, храм сам вельмі старажытны. Да цудоўнага абраза Божай Маці «Усецарыца» - вядомы факт - едуць пакланіцца і папрасіць дапамогі людзі з розных краін. Здымак з'явіўся падчас прагулкі ў адзін з жнівеньскіх дзён. Памятаю, было вельмі сонечна. Мне як раз падарылі новы фотаапарат, так як захапляюся фатаграфаваннем. Гэта першы здымак архітэктуры на новую камеру. І адразу такі ўдалы! - распавяла аўтар фатаграфіі Жанна Дзянішчык.

Усяго на конкурсе было прадстаўлена больш за тры тысячы фота, як прафесійных фатографаў, так і аматараў. Журы конкурсу, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі рэдакцыі, Міністэрства інфармацыі, вядомыя журналісты, вядучыя і музыкі, выбрала тройку лепшых у намінацыях «Землякі», «Мая малая радзіма», вызначыла ўладальніка Гран-пры.

Дасланыя на конкурс здымкі размешчаны на сайце «СБ-Беларусь Сегодня» і ў акаўнтах выдання ў сацыяльных сетках.

Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў адбудзецца 5 лютага ў рамках пасяджэння калегіі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Усе пераможцы будуць адзначаныя дыпломамі і каштоўнымі прызамі ад Выдавецкага дома «Беларусь сегодня».