Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 27 Снежань 2018 09:29

Ветэранаў працы запрасілі ў ГрДУ імя Янкі Купалы на пераднавагоднюю сустрэчу

IMG 3138Святочнае мерапрыемства адбылося 26 снежня.

Да ўдзельнікаў сустрэчы звярнулася рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка:

–Кожны з вас пакінуў у нашым універсітэце частку сваёй душы, свайго сэрца. Дзякуючы вашай працы, якую вы ўкладвалі ў развіццё нашага ўніверсітэта, ГрДУ імя Янкі Купалы мае сёння высокія дасягненні.

Ірына Фёдараўна падзякавала кожнаму за стваральную працу і павіншавала з надыходзячымі святамі:

– Я хачу пажадаць вам самага дарагога: моцнага здароўя, каб вас атулялі сваёй пяшчотай і цяплом вашыя родныя і блізкія. Я хачу запэўніць вас, што дзверы ГрДУ імя Янкі Купалы заўсёды для вас адчынены. Жадаю вам добрых святаў, цудаў на новы год і ўсяго самага лепшага!

Аб выніках дзейнасці ветэранскай арганізацыі ГрДУ імя Янкі Купалы ў гэтым годзе распавёў яе ганаровы старшыня Міхаіл Васілючак.

У сваю чаргу, Тамара Козак, якая больш за 40 гадоў прапрацавала на педагагічным факультэце, адзначыла, што з боку ўніверсітэта адчуваецца падтрымка і павага.

– Мне хочацца сказаць вялікі дзякуй Міхаілу Вікенцьевіч, бо ў яго заўсёды знойдзецца час для кожнага. Вялікі дзякуй і кіраўніцтву ўніверсітэта за тое, што падтрымліваеце і памятайце нас.

На працягу ўсёй сустрэчы гучалі словы віншаванняў з надыходзячымі святамі, удзельнікі ўзгадвалі маладыя гады і дзяліліся цікавымі гісторыямі са сваёй працоўнай дзейнасці ва ўніверсітэце.

Атмасферу свята ўзмацніў жартоўны выхад Дзеда Мароза. Ён уручыў кожнаму памятныя падарункі і павіншаваў усіх з надыходзячым Новым годам. Музычныя віншаванні для ветэранаў працы гучалі ў выкананні ўдзельнікаў вакальных студый «УніSONG» і «Свет юных зорак».

На заканчэнне сустрэчы ветэраны працы таксама наведалі адкрыццё выставы творчых работ супрацоўнікаў універсітэта «Скарб душы».