Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Серада, 28 Лістапад 2018 09:19

Студэнт фізіка-тэхнічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы прайшоў стажыроўку ва ўніверсітэце імя Томаша Баці ў Чэскай Рэспубліцы

10736 2Стажыроўка студэнта 4 курса фізіка-тэхнічнага факультэта Ігара Лытнева праходзіла ў рамках праграмы IAESTE.

 

На працягу амаль двух месяцаў студэнт працаваў у хімічнай лабараторыі пад кіраўніцтвам прафесара Яраслава Філіпа у сферы аховы навакольнага асяроддзя. Ігар Лытнеў выконваў даследаванні па выяўленні іёнаў цяжкіх металаў у вадзе з дапамогай вольтампераметрычных вымярэнняў. Былі зроблены спробы распрацоўкі складу для палягчэння дэтэкцыі іёнаў метадам іённага імпрынцінгу. На дадзены момант вядзецца апрацоўка вынікаў эксперыментаў і вымярэнняў.

У праграме стажыроўкі ўдзельнічалі 12 чалавек з розных краін. Кожны з іх меў уласную тэму і працаваў асобна ад астатніх. Як распавёў Ігар, ён атрымаў бясцэнны досвед працы ў лабараторыі, аналітычным аналізе дадзеных і выкарыстанні рознага абсталявання.

Варта адзначыць, што ў 2017-2018 гг. усяго 442 студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы прынялі ўдзел у праграмах акадэмічнай мабільнасці. Студэнты навучаліся і стажыраваліся ў 29 краінах, у ліку якіх Польшча, Расія, Германія, Літва, Кітай, Іспанія і іншыя.