Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Пятніца, 12 Кастрычнік 2018 11:13

Актыўныя і крэатыўныя: у ГрДУ імя Янкі Купалы прэзентавалі моладзевыя ініцыятывы

10357 7Свае ідэі ў рамках завочнага этапу конкурсу «Студэнт года - 2018» прадставілі на суд журы дванаццаць прэтэндэнтаў на званне лепшага студэнта купалаўскага ўніверсітэта.

На дадзеным этапе канкурсанты дзяліліся незвычайнымі ідэямі, а таксама распавядалі аб ужо рэалізаваных праектах. Асаблівая ўвага большасці студэнтаў была звернута на развіццё турыстычнага патэнцыялу Малой радзімы і Гродзеншчыны ў цэлым. Напрыклад, студэнт трэцяга курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Уладзімір Гангала прадставіў IT-платформу «CityUp», якая, на думку распрацоўшчыка, прыцягне турыстычны паток у краіну, палепшыць імідж горада і дапаможа вырашыць праблему беспрацоўя. Студэнтка другога курса факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Паліна Бубешка прапанавала праводзіць прафарыентацыйныя квэсты па Гродна для абітурыентаў, студэнтаў і выкладчыкаў, а студэнтка трэцяга курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Анастасія Галанцова зацікавіла ўсіх прапановай расказаць пра гісторыю Гродна пры дапамозе інтэрв'юіравання жыхароў горада. Яшчэ адна прадстаўніца ФІКІТа, студэнтка трэцяга курса Наталля Васілюк, прапанавала раскрываць культурны і гістарычны патэнцыял Гродна для замежных студэнтаў. Дзяўчына ўпэўнена, што ідэю лепш за ўсё рэалізоўваць пры дапамозе сацыяльных сетак. Характэрна, што некаторыя праекты - комплексныя навуковыя працы студэнтаў розных спецыяльнасцяў.

Не прайшлі міма удзельнікаў тэмы экалагічнай бяспекі, студэнцкай мабільнасці, дабрачыннасці, творчасці і адносін са старэйшым пакаленнем.

Падчас ацэньвання канкурсантаў, журы звяртала ўвагу на такія моманты, як актуальнасць, змястоўнасць, арыгінальнасць праекта, яго рэалістычнасць, выніковасць, канструктыўнасць, здольнасць палепшыць сітуацыю ў канкрэтнай сферы, а таксама нестандартная форма падачы матэрыялу.

Нагадаем, што конкурс энергічнасці, актыўнасці, ініцыятыўнасці  «Студэнт года - 2018» праходзіць у два этапы. У рамках завочнага этапу адбыўся конкурс партфоліо «Мой свет», конкурс на лепшы праект «Моладзевая ініцыятыва» і конкурс камедыйных відэаролікаў «Я - студэнт». Падчас фіналу купалаўцы раскажуць усім пра свае захапленні і дасягненні ў конкурсе самапрэзентацыі «Візітная картка», прадэманструюць навыкі тэхнікі і культуры мовы, арыгінальнасць падачы інфармацыі, крэатыўнасць і ўменне кантактаваць з аўдыторыяй у конкурсе аратарскага майстэрства і раскрыюць свой творчы патэнцыял у конкурсе «Беларусь - наш агульны дом».

У гэтым годзе змагацца за тытул лепшага студэнта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, імя якога стане вядома 31 кастрычніка пасля фінальнага выступлення, будуць дванаццаць хлопцаў і дзяўчат - выдатнікі вучобы, актывісты грамадскіх арганізацый, удзельнікі, пераможцы і прызёры рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, праектаў і канферэнцый, спартсмены і творчыя асобы.