Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 25 Верасень 2018 14:14

Студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы сталі ўдзельнікамі злёту студэнцкіх атрадаў Беларусі і Расіі «Моладзь будуе саюз»

10147 5Дваццаць прадстаўнікоў педагагічнага і сэрвіснага атрадаў «Дзеці Нёмана» БРСМ ГрДУ імя Янкі Купалы прынялі ўдзел у злёце студэнцкіх атрадаў Беларусі і Расіі «Моладзь будуе саюз», які адбыўся ў Полацку 21-23 верасня.

Амаль 300 юнакоў і дзяўчат з дзвюх краін сабраліся, каб абмеркаваць студатрадаўскі рух і перспектывы яго развіцця. У мерапрыемстве прынялі ўдзел байцы, камісары і камандзіры розных атрадаў: сэрвісных, будаўнічых, педагагічных, вытворчых, сельскагаспадарчых.

Падчас злёту прайшла акцыя «Памяць пакаленняў» з ускладаннем кветак да мемарыяльнага комплексу «Першая палатка» ў Наваполацку. Таксама ўдзельнікі злёту наведалі майстар-класы і трэнінгі, дыялог пакаленняў «Не кожнаму дадзена так шчодра жыць - сябрам на памяць горада дарыць!», у якім прынялі ўдзел ветэраны студатрадаўскага руху. Задаць пытанні і атрымаць адказы ад прадстаўнікоў выканаўчай і заканадаўчай улады студэнты змаглі на «Адкрытай трыбуне».

Неад'емнай часткай злёту стала акцыя «За Справу», падчас якой студэнты займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі лядовага палаца. У рамках мерапрыемства прайшлі спартыўныя спаборніцтвы і творчы фестываль «На скрыжаванні шляхоў і меркаванняў ...», у якім байцы студэнцкіх атрадаў прадставілі свае таленты ў розных намінацыях. Так, студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы сталі пераможцамі спаборніцтваў па дартсе і занялі другое месца ў конкурсе відэаролікаў «Адзін рух - адно каханне».

Завяршыўся злёт студэнтаў узнагароджаннем пераможцаў і прызёраў конкурсаў і спаборніцтваў, а таксама сумесным выкананнем студатрадаўскіх песень.