Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Панядзелак, 24 Верасень 2018 10:39

VII Міжнародны турнір па валейболе сярод жаночых каманд памяці заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь В.М. Карчэўскага стартаваў у ГрДУ імя Янкі Купалы

AMG 3526Урачыстае адкрыццё VII Міжнароднага турніру па валейболе сярод жаночых каманд памяці заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Максімавіча Карчэўскага адбылося 21 верасня ў ГрДУ імя Янкі Купалы.

Удзельнікаў і гасцей турніру павітала рэктар універсітэта Ірына Кітурка: «Сёння мы сабраліся, каб ушанаваць памяць вялікага чалавека і педагога, які ўклаў шмат сіл у развіццё спорту на Гродзеншчыне і ў Беларусі». Ірына Фёдараўна адзначыла, што спаборніцтвы аб'ядналі прадстаўнікоў розных краін, а таксама пажадала ўдзельнікам сумленнай барацьбы і займальнай гульні, мэтанакіраванасці, спартыўнай інтэлігентнасці, перамог і ўдачы.

Словы пажадання ў адрас спартсменак прагучалі таксама ад удавы Уладзіміра Максімавіча Карчэўскага Галіны Карчэўскай, начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Алега Андрэйчыка, старшыні Гродзенскага валейбольнага клуба «Камунальнік» Аляксея Сівірчукова.

У спаборніцтвах прымаюць удзел шэсць каманд: «Камунальнік-ГрДУ», «Камунальнік-ГрДУ-2», «Зборная Рэспублікі Беларусь», «Мінчанка - 2» з Беларусі, «Акадэмія валейбола Беластока» з Польшчы і «Калінінград» з Расіі.

Арганізатарамі VII-га Міжнароднага турніру па валейболе сярод жаночых каманд памяці заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Максімавіча Карчэўскага выступаюць Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Гродзенскі валейбольны клуб «Камунальнік». Актыўную дапамогу ў арганізацыі турніру аказвае Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт.

Падвядзенне вынікаў турніру адбудзецца 23 верасня ў 14.00 па адрасе вул. Леніна, 4 (зала №1). З праграмай правядзення турніру можна азнаёміцца  ў дадатку.

Даведачна

Карчэўскі Уладзімір Максімавіч - дацэнт, выдатнік фізічнай культуры СССР (1974), заслужаны трэнер БССР (1992), выдатнік адукацыі Беларусі (1996), заслужаны работнік фізічнай культуры і спорту Рэспублікі Беларусь (2000).

У.М. Карчэўскі ў ГрДУ імя Янкі Купалы працаваў на пасадах загадчыка кафедры спартыўных гульняў, дэкана факультэта фізічнай культуры.

За плённую дзейнасць у галіне адукацыі, фізічнай культуры і спорту В.М. Карчэўскі быў узнагароджаны Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР (1980), Ганаровай граматай Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта (2007), Ганаровай граматай Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў (2009).