Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 21 Верасень 2018 09:08

Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка ўдастоена прэміі акадэмій навук Украіны, Беларусі і Малдовы 2017 года

10118 1 1Урачыстая цырымонія ўзнагароджання адбылася ў рамках Юбілейнай сесіі Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук, прысвечанай 25-годдзю арганізацыі, якая праходзіць у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 20-21 верасня.

Прэміі за выдатныя навуковыя вынікі, атрыманыя пры выкананні сумесных даследаванняў, у адпаведнасці з вынікамі конкурсу за 2017 год прысуджана тром аўтарскім калектывам у галіне прыродазнаўчых, тэхнічных, а таксама гуманітарных і грамадскіх навук.

Прэмія ў галіне гуманітарных і грамадскіх навук за цыкл прац «Сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні і эвалюцыя сістэмы мясцовага самакіравання ў Беларусі і Украіне ў XVI-XVIII стст.» прысуджана загадчыку цэнтрам Інстытута гісторыі НАН Беларусі Валянціну Голубеву, загадчыку аддзела Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандру Доўнару, рэктару Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірыне Кітурка.

Лаўрэатамі прэміі ў галіне прыродазнаўчых навук за цыкл прац «Новыя перспектыўныя матэрыялы для лазернай тэхнікі і нелінейнай оптыкі: атрыманне і ўласцівасці» (Беларусь - Украіна) сталі работнікі Інстытута фізікі НАН Беларусі - вядучы навуковы супрацоўнік Сяргей Войцік і намеснік загадчыка лабараторыі Іна Хадасевіч, а таксама супрацоўнікі Навукова-даследчага цэнтра аптычных матэрыялаў і тэхналогій філіяла «Навукова-даследчая частка» БНТУ - вядучы навуковы супрацоўнік, дацэнт Анатоль Ясюкевіч і малодшы навуковы супрацоўнік Максім Дземеш.

У галіне тэхнічных навук прэмія прысуджана загадчыку лабараторыі Інстытута цепла- і масаабмену НАН Беларусі Сяргею Леўчанку і навуковаму супрацоўніку гэтага ж інстытута Сяргею Плюце за цыкл прац «Інтэлектуальныя сістэмы водазабеспячэння будучыні на аснове новых тэхналогій» (Беларусь - Украіна - Расія).

Прэміі акадэмій навук Украіны, Беларусі і Малдовы ўручаюцца з 1995 года. Конкурс праводзіцца раз у два гады.

Таксама на юбілейнай сесіі МААН адбылася цырымонія ўрачыстага ўручэння памятных знакаў «У гонар 90-годдзя нацыянальнай акадэміі навук Беларусі». Узнагароды ўручаны кіраўнікам дэлегацый, якія прыехалі на ўрачыстасці ў Мінск.

Даведачна

Міжнародная асацыяцыя акадэмій навук афіцыйна была створана 23 верасня 1993 года ў Кіеве. C 2017 года Нацыянальная акадэмія навук Беларусі стала выконваць функцыі базавай акадэміі навук у арганізацыйным і метадычным суправаджэнні МААН, а кіраўніком асацыяцыі быў абраны старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір Гусакоў. Вышэйшы кіруючы орган Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук - Савет МААН. На сёння ў асацыяцыю ўваходзяць 13 паўнапраўных і 6 асацыіраваных членаў. У складзе МААН дзейнічаюць 17 навуковых саветаў.

Па матэрыялах БЕЛТА і ўлас. інф.