Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 22 Кастрычнік 2015 08:55

Фотавыстава «Маналог з сусветам» адкрылася ў ГрДУ імя Янкі Купалы

12212 6Сёння, 22 кастрычніка 2015 года, гродзенскі фатограф, магістр гістарычных навук, старшы выкладчык кафедры журналістыкі Сяргей Паўлавіч Марозаў прадставіў купалаўцам - студэнтам, выкладчыкам і супрацоўнікам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы - новую фотавыставу пад назвай «Маналог з Сусветам».

З прывітальным словам да гасцей звярнуўся прарэктар па выхаваўчай працы Васілій Васільевіч Сянько, адзначыўшы, што фатаграфіі зроблены прафесійна, з душой і цеплынёй. «Вельмі важна, што гэтая выстава юбілейная, дзясятая, і праходзіць у нашым універсітэце. Гэта сведчыць пра павагу выкладчыка да роднай ВНУ, гэта ганарова для самога купалаўскага ўніверсітэта. Прыемна, што захапленне фатаграфіяй перарасло ў сапраўдную работу жыцця», - падкрэсліў Васілій Васільевіч, уручаючы аўтару выставы Падзячны ліст ад адміністрацыі ГрДУ імя Янкі Купалы.

Пра ідэю фотавыставы распавёў сам аўтар Сяргей Марозаў: «Цікавасць да зорнага неба ў мяне прачнуўся даўно, яшчэ ў дзяцінстве. Мы з мамай часта выходзілі на вуліцу, каб паглядзець на зоркі. Гэтая любоў да неба прайшла скрозь гады і пераплялася з маёй прафесійнай дзейнасцю. Мне было цікава знаходзіцца сам-насам з Сусветам: быў час падумаць, быў час паразважаць. І тады я зразумеў, што ўсе нашы праблемы ў маштабах сусвету нязначныя. Вельмі спадзяюся, што выстава спадабаецца гледачам, і ў іх будзе час падумаць пра жыццё і атрымаць асалоду ад мастацтва».

У экспазіцыі прадстаўлены 24 фотаздымка, на якіх занатавана не толькі зорнае неба Гродзеншчыны, але палацава-паркавыя комплексы, непаўторная прырода, тэлевізійная вышка Гродна і іншыя славутасці раёна і горада.

Паглядзець на фатаграфіі зорнага неба можна ў галоўным корпусе ўніверсітэта на працягу тыдня.