Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Аўторак, 20 Кастрычнік 2015 10:19

У ГрДУ імя Янкі Купалы праходзяць вучэбна-трэніровачныя зборы па падрыхтоўцы да Міжнароднай студэнцкай алімпіяды па праграміраванні ACM/ICPC

11668 6 copy

На працягу двух тыдняў – з 17 па 31 жніўня 2015 года – у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы сумесна з Нацыянальным даследчыцкім тэхналагічным універсітэтам «МИСиС» (Масква) праводзяцца вучэбна-трэніровачныя заняткі па падрыхтоўцы да каманднага чэмпіянату свету па праграміраванні ACM/ICPC.

 

У зборах прымаюць удзел 7 студэнтаў і два трэнеры ад нашай ВНУ і 16 студэнтаў і 8 трэнераў ад НДТУ «МИСиС».

Са студэнтамі кожны дзень праводзяцца трэнінгі: удзельнікі слухаюць лекцыі, а на практычных занятках рашаюць найбольш складаныя задачы па праграміраванні і паэтапна разбіраюць іх з трэнерамі-выкладчыкамі.

Трэнер ад ГрДУ імя Янкі Купалы – старшы выкладчык кафедры матэматычнага і інфармацыйнага забеспячэння эканамічных сістэм Юрый Генрыхавіч Сцёпін. Куратар – начальнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Яўгеній Уладзіміравіч Алізаровіч.

Кіраўнік трэнерскага састава ад НДТУ «МИСиС» – доктар тэхнічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Расійскай акадэміі навук Уладзімір Львовіч Арлазараў, куратары – кандыдат тэхнічных навук Васілій Валер'евіч Постнікаў, кандыдат фізіка-матэматычных навук Ігар Барысавіч Мамай і выкладчык Уладзімір Вячаслававіч Куранкоў.

Даведка

Міжнародная студэнцкая алімпіяда па праграміраванні ACM/ICPC штогод праводзіцца з 1977 года і з'яўляецца буйнейшым чэмпіянатам па інфарматыцы, на якім вялікую колькасць складаных задач неабходна рашыць за параўнальна кароткі прамежак часу.

Алімпіяда праходзіць у тры этапы: чвэрцьфінал пройдзе ў кастрычніку гэтага года, паўфінал – у снежні, а фінальныя спаборніцтвы пройдуць вясной 2016 года.

Нагадаем, што ў паўфінале XIX міжнароднай студэнцкай алімпіяды па праграміраванні Паўночна-ўсходняга еўрапейскага рэгіёна ACM/ICPC каманда ГрДУ імя Янкі Купалы ўпершыню ў гісторыі ўніверсітэта заваявала дыплом другой ступені.