Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 25 Чэрвень 2018 10:41

Студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы прадставяць вынікі міждысцыплінарных праектаў

IMG 1838Адкрытая прэзентацыя праектаў, выкананых па заяўках арганізацый-заказчыкаў кадраў, пройдзе ў ГрДУ імя Янкі Купалы.

Усяго ў гэтым годзе ў ГрДУ імя Янкі Купалы ў рамках курсавых, дыпломных работ і магістарскіх дысертацый выканана дванаццаць міждысцыплінарных праектаў па заяўках Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, ААТ «ГроднаАзот», ААТ «Белаграпрамбанк» і ўстаноў сярэдняй адукацыі горада Гродна.

Так, напрыклад, студэнты факультэта псіхалогіі і матэматыкі і інфарматыкі распрацоўвалі вэб-сістэму «Віртуальная псіхадыягнастычная лабараторыя», якая дазволіць дыстанцыйна праводзіць псіхадыягностыку асобы і карэктна аналізаваць атрыманыя дадзеныя з захаваннем прыватнасці вынікаў тэсціравання. Студэнты-псіхолагі прапанавалі методыку дыягностыкі, а матэматыкі-праграмісты распрацавалі праграмную абалонку. Распрацоўка студэнтаў можа быць выкарыстана, як ва ўстановах адукацыі, так і ў кансалтынгавых кампаніях. Студэнты факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання і фізіка-тэхнічнага факультэта па заяўцы ААТ «ГроднаАзот» прапанавалі сваё канструктарска-тэхналагічнае рашэнне для павышэння эксплуатацыйнага рэсурсу помпы, прызначанай для транспарціроўкі вадкай серы на вытворчасці ААТ «Гродна Азот».

Рэалізаваць такія праекты ў рамках адной спецыяльнасці было б складана, неабходна зладжаная праца адразу некалькіх, здавалася б, далёкіх па родзе дзейнасці спецыялістаў: ад псіхолага да праграміста, ад біёлага да юрыста. У той жа час праца над міждысцыплінарнымі праектамі развівае ў студэнтаў прафесійныя і сацыяльна-асобасныя кампетэнцыі, неабходныя для паспяховага ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці, уменне працаваць у камандзе, навыкі вядзення мэтанакіраванай дзейнасці па рашэнні комплексных задач і камерцыялізацыі вынікаў даследаванняў, павышае матывацыю студэнтаў да практычнай дзейнасці.

Наведаць прэзентацыю міждысцыплінарных праектаў можа любы жадаючы. Адбудзецца мерапрыемства 25 чэрвеня ў 15.00 па адрасе: вул. Ажэшка, 22, аўд. 209 і 218а.