Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Панядзелак, 23 Красавік 2018 14:26

XIV Міжнародныя Карскія чытанні «Славянскі свет і нацыянальная моўная культура» пройдуць у ГрДУ імя Янкі Купалы

Карскія чытанні, якія праводзяцца ў гонар выдатнага вучонага-славіста, этнографа, ураджэнца Гродзеншчыны, акадэміка Яўхіма Фёдаравіча Карскага, збяруць навукоўцаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы ў ГрДУ імя Янкі Купалы 3-4 мая.

Арганізатарам Карскага чытанняў выступае кафедра журналістыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму пры падтрымцы Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта і Гродзенскага раённага выканаўчага камітэта.

Ганаровы госць і ўдзельнік чытанняў - Аляксандр Аляксандравіч Карскі, праўнук першага беларускага акадэміка Яўхіма Фёдаравіча Карскага. Па  традыцыі ўдзел у чытаннях прыме дэлегацыя з Нежынскага дзяржаўнага ўніверсітэта (Украіна), alma mater беларускага навукоўца.

У першы дзень канферэнцыі пройдзе пленарнае пасяджэнне, на якім з дакладамі выступяць вядомыя айчынныя і замежныя вучоныя-лінгвісты, гісторыкі: Таццяна Віктараўна Шмялева, Ірына Васільеўна Анненкава, Лілія Рашыдаўна Дускаева, Таццяна Георгіеўна Дабрасклонская, Анатоль Афанасьевіч Загнітка, Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец, Віктар Іванавіч Іўчанкаў і інш.

Другі дзень канферэнцыі прысвечаны секцыйным пасяджэнням .

C падрабязнай праграмай XIV Міжнародных Карскіх чытанняў можна пазнаёміцца  у дадатку.

У тэму

Сусветнай навуковай супольнасці Яўхім Фёдаравіч Карскі вядомы як першаадкрывальнік многіх напрамкаў - беларускай лексікалогіі і лексікаграфіі, словаўтварэння і граматыкі, беларускай дыялекталогіі, лінгвістычнага крыніцазнаўства, беларускай палеаграфіі, этналінгвістыкі, сацыялінгвістыкі, лінгвагеаграфіі і гендэрнай лінгвістыкі. Феномен Карскіх чытанняў заключаецца ў пераемнасці навуковай думкі і далейшым развіцці поглядаў вучонага. Таму невыпадкова ў XXI стагоддзі праблемнае поле канферэнцыі выходзіць за межы распрацаваных Я.Ф. Карскім напрамкаў, у вобласць масавых камунікацый, якія знаходзяцца ў зоне пільнай увагі медыялінгвістыкі, закранае пытанні маўленчага аблічча рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі, культуры камунікацый у сучасным грамадстве.

 

8972 1