Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 28 Сакавік 2018 11:51

У ГрДУ імя Янкі Купалы адбыўся адкрыты дыялог з расійскім фотарэпарцёрам, лаўрэатам прэстыжнай прэміі ў галіне фотажурналістыкі World Press Photo Уладзімірам Песняй

8737 6Сустрэчы з прафесіяналамі ў сферы масмедыя сталі ўжо традыцыйнымі дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву купалаўскага ўніверсітэта з Беларускім саюзам журналістаў і Міжнародным медыя-клубам «Фармат-А3».

 

27 сакавіка госцем ГрДУ імя Янкі Купалы стаў спецыяльны карэспандэнт Міжнароднага інфармацыйнага агенцтва «Расія сёння», лаўрэат прэміі ў галіне фотажурналістыкі World Press Photo-2016 Уладзімір Песня.

Госць пачаў сустрэчу са студэнтамі і выкладчыкамі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму з дэманстрацыі ўнікальных фатаграфій, знятых ім у розных кутках свету. Героі яго работ - ветэраны, рабочыя, шматдзетныя сем'і, людзі мастацтва і, вядома, спартоўцы. Уладзімір Песня працаваў у якасці фотакарэспандэнта на Алімпійскіх гульнях розных гадоў. Падчас Алімпіяды ў Пхенчхане яму выпала асвятляць спаборніцтвы алімпійцаў на лёдзе.

Падчас адкрытага дыялогу фотакарэспандэнт распавёў студэнтам, што пачынаў сваю працу ў журналістыцы ў якасці спартовага фотакарэспандэнта газеты «Спорт-Экспресс». Сёння сфера яго інтарэсаў не абмежавана толькі спортам. Госць адзначыў, што адным з вызначальных ў яго жыцці праектаў стаў удзел у сацыяльным праекце «Цягнік надзеі», які накіраваны на дапамогу ва ўсынаўленні дзяцей, якія засталіся без бацькоў. «Дзякуючы ўдзелу ў гэтым праекце ў мяне з'явіліся чацвёра хросных дзяцей, тых дзяцей, якіх я дапамог усынавіць», - падзяліўся Уладзімір Песня з аўдыторыяй.

За паўтары гадзіны, адведзеных на сустрэчу, будучыя журналісты, гісторыкі і сацыёлагі паспелі распытаць госця пра рознае: пра яго адносіны да спорту, пра сучасную фотатэхніку, аб тэхнічнай камплектацыі фотакарэспандэнта міжнароднага інфармацыйнага агенцтва, пра асаблівасці працы фотарэпарцёра падчас Алімпійскіх гульняў, аб планах на будучыню і нават аб аплаце працы высакакласнага фатографа. Уладзімір Песня падзяліўся сакрэтам, што праца фотакарэспандэнта - гэта шмат у чым праца для энтузіястаў: «Каб у гэтай прафесіі заставацца, трэба быць трошкі фанатыкам сваёй справы».

На развітанне Уладзімір Песня паказаў лепшыя фатаграфіі, зробленыя на Алімпійскіх гульнях у Пхенчхане, падарыўшы аўдыторыі зарад станоўчых эмоцый - так шмат іх у фотаздымках моцных духам алімпійцаў. «Кожны мой здымак падаўжае жыццё. Мне здаецца, я пражываю ўжо трэцяе жыццё дзякуючы сваёй прафесіі», - адзначыў майстар фатаграфіі.