Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 26 Сакавік 2018 11:44

Турнір па нацыянальнай туркменскай барацьбе «Гарэш», дэгустацыя страў і святочны канцэрт: у ГрДУ імя Янкі Купалы прайшоў фестываль «Наўруз Байрам»

991Фестываль сабраў у сценах купалаўскага ўніверсітэта замежных студэнтаў, якія ў гэтыя дні адзначаюць Наўруз - новы год па астранамічным сонечным календары.

Упершыню фестываль «Наўруз Байрам» у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы быў арганізаваны па ініцыятыве зямляцтваў замежных студэнтаў у мінулым годзе. Удзел у ім прынялі прадстаўнікі пяці ўніверсітэтаў. У гэтым годзе ўдзельнікамі фестывалю сталі замежныя студэнты дзевяці ўстаноў вышэйшай адукацыі: Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Гродзенскага філіяла Прыватнай установы адукацыі "БІП - Інстытут правазнаўства», Віцебскага філіяла Міжнароднага ўніверсітэта "МІПСА" , Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

З прывітальным словам да гасцей і арганізатараў свята звярнулася рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.

Я хачу ўсіх павіншаваць са святам і падзякаваць студэнтам, якія сталі ініцыятарамі правядзення фестывалю «Наўруз Байрам» у ГрДУ імя Янкі Купалы. Таксама хачу сказаць "дзякуй" гасцям, дзякуючы якім фестываль выйшаў за межы нашага ўніверсітэта і стаў ужо добрай традыцыяй, якая аб'ядноўвае студэнтаў, - адзначыла Ірына Фёдараўна і ўручыла ўдзельнікам і гасцям мерапрыемства святочны торт.

У рамках фестывалю былі арганізаваны інтэрактыўныя пляцоўкі, дзе госці мерапрыемства пагрузіліся ў нацыянальны каларыт іншых народаў: дэгуставалі нацыянальныя стравы і сваімі рукамі стваралі абярэг ад сурокаў, знаёміліся з упрыгожваннямі і прадметамі побыту туркменскіх народаў. Госці мерапрыемства актыўна прымалі ўдзел у майстар-класах па мове і каліграфіі, нацыянальных усходніх гульнях, рабілі арыгінальнае фота на памяць. Аматараў спартыўных спаборніцтваў аб'яднаў турнір па нацыянальнай туркменскай барацьбе «Гарэш».

Завяршыўся фестываль святочным канцэртам, падчас якога замежныя студэнты працягвалі знаёміць гледача са сваёй культурай праз творчыя нумары. У межах канцэрту прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў турніру па нацыянальнай барацьбе і актыўных удзельнікаў інтэрактыўных пляцовак, а таксама былі падведзены вынікі конкурсу творчых работ «Новы дзень».

У тэму: Наўруз - свята вясновага раўнадзенства і пачатку новага сельскагаспадарчага года ў персамоўны і некаторых цюрскамоўных народаў Казахстана, Сярэдняй і Малой Азіі, Ірана, а таксама сярод башкір і татараў. Святкаванне Наўруза ў дзень вясновага раўнадзенства звязана з узнікненнем календара сонечнага летазлічэння, які з'явіўся ў народаў Сярэдняй Азіі і Ірана сем тысячагоддзяў назад, задоўга да ўзнікнення ісламу. Згодна з ім год пачынаўся ўвесну 20 ці 21 сакавіка, у дзень веснавога раўнадзенства, калі дзень ураўноўваецца з ноччу і вясна канчаткова ўступае ў свае правы.

У верасні 2009 года Наўруз быў уключаны ў рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЭСКА, а ў канцы лютага 2010 года 64-я сесія Генеральнай Асамблеі ААН абвясціла 21 сакавіка Міжнародным днём Наўруза.