Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 21 Люты 2018 21:40

Віншаванне рэктара ўніверсітэта Ірыны Кітурка

Паважаныя студэнты, аспіранты, выкладчыкі і супрацоўнікі!

Прыміце шчырыя віншаванні з Днём нараджэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы!

У гісторыі нашага ўніверсітэта 22 лютага – асаблівы дзень! Сёння нашай alma mater 78 гадоў. У Дзень нараджэння нельга не згадаць пра гісторыю адкрыцця і развіцця – складаныя і радасныя гады станаўлення, дзесяцігоддзі паспяховай адукацыйнай практыкі і выніковай дзейнасці. Прысваенне нашай навучальнай установе статусу ўніверсітэта стала імпульсам для дасягнення новых вяршынь. Гэта знакавая падзея адбылася роўна сорак гадоў таму.

Шлях, які прайшоў ГрДУ, – гэта гады плённай працы, навуковага і творчага пошуку выкладчыкаў, заслужанага прызнання і паспяховай практычнай дзейнасці студэнтаў і выпускнікоў. Выдатныя традыцыі, закладзеныя вучонымі, фундаментальная і прыкладная навука, высокі ўзровень выкладання зрабілі ўніверсітэт навукова-адукацыйным цэнтрам, вядомым не толькі ў рэспубліцы, але і за яе межамі.

Сапраўднае багацце ўніверсітэта – актыўныя і творчыя студэнты, таленавітыя і адданыя сваёй справе выкладчыкі, як вопытныя, так і маладыя, кваліфікаваная каманда супрацоўнікаў. Ваша дзейнасць – яркі прыклад служэння справе беларускай навукі, высокай кампетэнтнасці і прафесіяналізму. Дасягненні нашых студэнтаў сведчаць аб актыўнай жыццёвай пазіцыі, імкненні ўнесці свой уклад у развіццё навукова-адукацыйнага патэнцыялу роднага ўніверсітэта. Нам ёсць, чым ганарыцца, і ёсць новыя вышыні, да якіх варта імкнуцца.

Хачу выказаць шчырыя словы ўдзячнасці ўсім, хто працуе і вучыцца ў нашым універсітэце, за вялікі ўклад у росквіт роднай alma mater. Упэўнена, што і надалей мы будзем займаць перадавыя пазіцыі ў рэйтынгах, а нашы выпускнікі стануць праваднікамі перадавой навуковай думкі ва ўсіх сферах жыцця грамадства.

Жадаю Гродзенскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Янкі Купалы доўгай унікальнай гісторыі і захавання традыцый, а супрацоўнікам, выкладчыкам, студэнтам і аспірантам – кахання і натхнення, добрага здароўя, новых творчых здзяйсненняў, удачы і поспехаў!

Са святам, дарагія сябры! З Днём нараджэння, Універсітэт!

Рэктар універсітэта

Ірына КІТУРКА