Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 21 Люты 2018 20:02

У ГрДУ імя Янкі Купалы адсвяткавалі 100-годдзе Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь (ФОТАСПРАВАЗДАЧА)

8370 1Урачыстае мерапрыемства адбылося ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і сабрала прадстаўнікоў улады, універсітэта, навучэнцаў кадэцкіх класаў.

- 23 лютага - Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, асаблівы дзень у жыцці і гісторыі нашай краіны. Так павялося, што святкуецца ён у кожнай сям'і, у кожным працоўным калектыве. Гэтая добрая традыцыя стала неад'емнай часткай нашага жыцця, - выступаючы перад аўдыторыяй, адзначыў начальнік ваеннага факультэта Лявонцій Паўлаў. - Наша агульная задача сёння - захаваць шматвяковыя ратныя традыцыі, прымножыць сілу і магутнасць краіны, стварыць умовы для яе далейшага развіцця, умацавання аўтарытэту ва ўсім свеце. І гэта - вызначальная ўмова спакойнага жыцця нашага народа.

Як адзначыў Лявонцій Паўлаў, ваенны факультэт ГрДУ імя Янкі Купалы - адзіная ваенная навучальная ўстанова ў Рэспубліцы Беларусь, дзе рыхтуюць кадравых афіцэраў па спецыяльнасцях "Фізічная падрыхтоўка ваеннаслужачых" і "Тылавое забеспячэнне войск" у інтарэсах Узброеных Сіл, Міністэрства ўнутраных спраў, Камітэта дзяржаўнай бяспекі і органаў памежнай службы Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь. За 13 гадоў на ваенным факультэце падрыхтавана 265 кадравых афіцэраў, 981 афіцэр запасу, 1695 малодшых камандзіраў. Выпускнікі - гэта гонар не толькі факультэта, але і ўсяго ўніверсітэта. Многія з іх дабіліся высокіх вынікаў пры праходжанні службы на розных пасадах ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, ёсць і тыя, хто працягвае працу ў якасці выкладчыкаў на кафедрах факультэта.

З надыходзячым святам удзельнікаў сустрэчы павіншавала рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы. Ірына Кітурка пажадала прысутным у зале быць абаронцамі Айчыны, як у шырокім, так і вузкім сэнсе гэтага слова, абараняць не толькі Радзіму, але і тых, хто знаходзіцца побач, а таксама моцнага здароўя, мірнага служэння Айчыне, шчасця, дабрабыту і святочнага настрою.

Па даручэнні намесніка Міністра абароны Рэспублікі Беларусь Ірына Кітурка ўручыла юбілейныя медалі «100 гадоў Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь» за асабісты ўклад у стварэнне ваеннага факультэта ў купалаўскім універсітэце прарэктару Мікалаю Войтка і прарэктару па вучэбнай рабоце Генадзію Гачко.

Словы віншавання ў адрас тых, хто стаіць на варце міру, бяспекі і працвітання роднай краіны, у гэты вечар накіравалі запрошаныя госці: ветэран Вялікай Айчыннай вайны палкоўнік у адстаўцы Мікалай Кісялёў, намеснік камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання па тылу палкоўнік Уладзімір Арэх, начальнік напрамку ідэалагічнай працы і сацыяльнай абароны ваеннага камісарыята Гродзенскай вобласці палкоўнік Валерый Буцько, першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Гродна Сяргей Сарока і намеснік кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна г. Гродна Дзмітрый Міхальскі.

Падчас мерапрыемства прадстаўнікі ваеннага факультэта былі адзначаны Граматамі начальніка ваеннай адукацыі Узброеных Сіл Беларусі, Ганаровымі граматамі і граматамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Граматамі ваеннага факультэта купалаўскага ўніверсітэта, Граматамі Камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання, Ганаровымі граматамі Ленінскага і Кастрычніцкага раённых выканаўчых камітэтаў г. Гродна.