Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Аўторак, 20 Люты 2018 09:43

У ГрДУ імя Янкі Купалы прайшлі памятныя мерапрыемствы, прысвечаныя 70-годдзю з дня нараджэння доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара Сцяпана Андрэевіча Мінюка

8322 6Прафесар амаль 30 гадоў свайго жыцця прысвяціў працы на кафедры дыферэнцыяльных раўнанняў факультэта матэматыкі і інфарматыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Традыцыйна ў пачатку лютага супрацоўнікі кафедры праводзяць мерапрыемствы, падчас якіх успамінаюць таленавітага вучонага, актыўнага грамадскага дзеяча Сцяпана Андрэевіча Мінюка, які ўнёс істотны ўклад у навукова-даследчую і вучэбна-метадычную работу факультэта матэматыкі і інфарматыкі і ўсяго ўніверсітэта ў цэлым.

У гэтым годзе ў навуковай бібліятэцы Гродзенскага ўніверсітэта арганізавалі выставу навуковых прац, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў Сцяпана Андрэевіча. А ў 315 аўдыторыі галоўнага корпуса ўніверсітэта можна ўбачыць фатаграфіі і матэрыялы, якія тычацца асноўных перыядаў жыцця прафесара.

−З 1979 і да сакавіка 2008 года прафесар Сцяпан Андрэевіч Мінюк загадваў кафедрай дыферэнцыяльных ураўнанняў. Ён валодаў высокімі арганізатарскімі здольнасцямі, каласальнай энергіяй і мэтанакіраванасцю, якія дазволілі стварыць на кафедры згуртаваны навукова-педагагічны калектыў, - адзначылі калегі прафесара падчас адкрыцця экспазіцый, якія будуць функцыянаваць да пачатку сакавіка.

Цэнтральнай падзеяй памятных мерапрыемстваў стаў навуковы семінар «Навуковая і педагагічная спадчына Сцяпана Андрэевіча Мінюка». На семінары дацэнт кафедры фундаментальнай і прыкладной матэматыкі Марына Ганчарова ўзгадала асноўныя этапы біяграфіі Сцяпана Андрэевіча, загадчык кафедры лагістыкі і метадаў кіравання Вадзім Хартоўскі прадставіў агляд навуковых вынікаў прафесара, а дацэнт кафедры фундаментальнай і прыкладной матэматыкі Наталля Бярозкіна распавяла аб сумеснай працы са Сцяпанам Андрэевічам па падрыхтоўцы падручнікаў , навучальных дапаможнікаў і іншых метадычных выданняў.

Успамінамі аб працы са Сцяпанам Андрэевічам Мінюком падзяліліся яго калегі - прафесар кафедры фундаментальнай і прыкладной матэматыкі Юрый Вувунікян, дацэнт Валерый Булгакаў, загадчык кафедры дыферэнцыяльных ураўнанняў і сістэмнага аналізу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Валерый Громак, прафесар кафедры метадаў аптымальнага кіравання БДУ Анатоль Калінін, вучні і калегі Сцяпана Андрэевіча.

Адзначым, што Сцяпан Мінюк атрымаў шэраг важных вынікаў у тэорыі задач аптымальнага кіравання, назіраемасці і паўнаты сістэм ураўнанняў у прыватных вытворных і сістэм рознасных раўнанняў пры абмежаваннях на кіраванне і пачатковыя ўмовы. Яго інтарэсы былі звязаны з вывучэннем і рашэннем задач аптымальнага кіравання, назіраемасці, фільтрацыі, ідэнтыфікацыі і іншых структурных уласцівасцяў шырокага класа дынамічных сістэм. За значны ўклад у развіццё вышэйшай адукацыі на падставе ўказа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь Сцяпан Андрэевіч Мінюк быў узнагароджаны Ордэнам Францыска Скарыны.