Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Аўторак, 06 Люты 2018 12:03

У ГрДУ імя Янкі Купалы адкрылася выстава фатаграфій «Фармат»

8190 2Аўтарамі работ з'яўляюцца выпускнікі студыі фатаграфіі факультэта мастацтваў і дызайну Гродзенскага ўніверсітэта Ганна Васілевіч, Ганна Прудко і Уладзіслаў Мядзведзеў.

Па словах выкладчыка кафедры дызайну і студыі Юліі Бараноўскай, назва экспазіцыі «Фармат» досыць ёміста прадстаўляе яе сутнасць.

–Фармат - гэта нешта структураванае, спарадкаванае. Хлопцы вучыліся працаваць са святлом, ценем, аб'ектамі і людзьмі. Прычым вучыліся не толькі ў выкладчыкаў, але і адзін у аднаго, - распавяла Юлія Бараноўская. - Выстава паказвае тое, як аўтары бачаць сябе, сваіх блізкіх і свет у цэлым.

Над стварэннем экспазіцыі аўтары працавалі на працягу некалькіх месяцаў, спазнаючы глыбіні фотамастацтва пад кіраўніцтвам настаўніка - загадчыка кафедры дызайну Антона Ляшчынскага.

– Экспазіцыя атрымалася больш чым годная, яе смела можна дэманстраваць у выставачных залах нашага горада. За вельмі невялікі прамежак часу аўтары зрабілі вельмі вялікую працу. Яны вельмі таленавітыя. І гэтаму пацверджанне сённяшняя выстава, - падкрэсліў Антон Антонавіч.

Гэта не першы выпуск студыі фатаграфіі. Штогод яе выпускнікі прадстаўляюць усеагульнаму агляду свае працы, якія прыходзяць убачыць гродзенцы і госці горада.

У гэты раз ацаніць фота былі запрошаны не толькі прадстаўнікі купалаўскай супольнасці, але і родныя і блізкія аўтараў, а таксама творчая інтэлігенцыя горада. Сярод іх кіраўнік народнага фотаклуба "Гродна", член Беларускага грамадскага аб'яднання (творчага Саюза) "Фотамастацтва", лаўрэат міжнародных фотаконкурсаў Аляксандр Ласмінскі, які рэгулярна прыходзіць паглядзець на работы маладых аўтараў.

– Мне вельмі прыемна знаходзіцца сёння ў гэтай галерэі і бачыць вашыя тварэнні. Сёння мы сталі фактычна паўнавартаснымі калегамі, - адзначыў Аляксандр Іосіфавіч. - Жадаю вам удасканальваць сваё майстэрства і любіць сваю справу. Поспехаў вам і новых і цікавых праектаў!

У ліку аўтараў вучань кадэцкага класа сярэдняй школы № 33 г. Гродна Уладзіслаў Мядзведзеў. Хлопец практычна з дзяцінства захапляецца фатаграфіяй, і навучанне ў фотастудыі факультэта мастацтваў і дызайну, на думку школьніка, стала чарговай прыступкай на шляху да мары - быць прафесійным фатографам. У найбліжэйшай будучыні бачыць сябе студэнтам факультэта мастацтваў і дызайну, дзе, упэўнены, атрымае больш ведаў і вопыту.

Большасць ідэй да фота, па словах Уладзіслава, спантанна нараджаліся ў самой студыі.

– У стварэнні фатаграфіі зыходзіў не столькі ад знешніх абставінаў, колькі ад чалавека, якога фатаграфую, яго эмоцый, стылю, падачы, характару. Кожная праца індывідуальная, - рэзюмаваў юны фотамастак.

Убачыць новую экспазіцыю ў галерэі «Universum» можна да канца месяца.