Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Аўторак, 30 Студзень 2018 09:05

Навукоўцы ГрДУ імя Янкі Купалы прынялі ўдзел у выставе навуковых распрацовак універсітэтаў Беларусі

3926 1Выстава прайшла ў рамках пасяджэння калегіі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Навукоўцы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прадставілі восем інавацыйных праектаў, многія з якіх ўкаранёны ў вытворчасць. Сярод іх электронныя сродкі навучання па прадмеце «Фізічная культура і здароўе» загадчыка кафедры спартыўных дысцыплін Віталія Храмава, біясарбент цяжкіх металаў старэйшага выкладчыка кафедры тэхналогіі, фізіялогіі і гігіены харчавання Аксаны Паўлавай, сучасныя будаўнічыя матэрыялы на аснове даламітавай сыравіны інжынера кафедры будаўнічай вытворчасці Вадзіма Якусевіча, навучальнае абсталяванне па фізіцы, распрацаванае супрацоўнікамі і студэнтамі фізіка-тэхнічнага факультэта ў РУП «УНПЦ«Технолаб». Таксама на выставе можна было ўбачыць сумесныя распрацоўкі навукоўцаў купалаўскага ўніверсітэта і ГрДМУ: эндапратэзы ланцугу слыхавых костачак «Унислух» і аднаразовую здымную насадку для апарата гідравакуумаспірацыі лакун паднябенных міндалін «Лорвак».

Варта адзначыць, што два праекты ГрДУ імя Янкі Купалы ўвайшлі ў ТОП-20 лепшых навуковых распрацовак універсітэтаў па версіі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Гэта аўтаматызаваны Штарковскі спектрометр для навуковых арганізацый, распрацаваны дэканам фізіка-тэхнічнага факультэта Андрэем Германам і прарэктарам па вучэбнай рабоце Генадзіем Гачко, і нанаструктураваныя плёнкі высакародных металаў, якія прадстаўляюць інтарэс у біямедыцынскай дыягностыцы, судова-медыцынскай экспертызе або навуковых даследаваннях узаемадзеяння лекавых злучэнняў з бялковымі мішэнямі. Аўтар апошняй распрацоўкі - прафесар кафедры агульнай фізікі, галоўны навуковы супрацоўнік навукова-даследчай часткі Наталля Стрэкаль.

У сваю чаргу міністр адукацыі Ігар Карпенка, наведваючы выставу, падкрэсліў, што многія з праектаў нашага ўніверсітэта не проста маюць практычную накіраванасць, а паспяхова ўкаранёны ў вытворчасць і прыносяць прыбытак установе. Гэта, на думку міністра, з'яўляецца рэальным вынікам дзейнасці нашых навукоўцаў і залогам паспяховага развіцця навукі ў ГрДУ імя Янкі Купалы.

Акрамя навуковых распрацовак на выставе былі прэзентаваныя інавацыйныя адукацыйныя тэхналогіі і тэхналогіі ў арганізацыі навучальнага працэсу ў нашым універсітэце, а таксама прадэманстравана праграмаванне робатаў у сістэме падрыхтоўкі ў IT-сферы.