Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Аўторак, 30 Студзень 2018 08:56

У Музеі гісторыі ГрДУ імя Янкі Купалы адкрылася выстава фалерыстыкі

13267 6Упершыню ў Музеі гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы 22 лютага 2016 года адкрылася аўтарская выстава «Культурна-гістарычная прастора ў фалерыстыцы». У экспазіцыі прадстаўлена каля 1000 значкоў, прысвечаных гарадам, музеям і славутасцям СССР, а таксама знакамітым асобам усяго свету.

Калекцыя належыць дацэнту кафедры педагогікі і сацыяльнай работы Т.М. Прудко. Адкрываючы выставу, Таццяна Міхайлаўна адзначыла, што экспазіцыя прысвечана Году культуры і дню нараджэння ўніверсітэта, а яе ідэйным натхняльнікам выступіў дырэктар музея Уладзімір Міхайлавіч Сытых. «Тут прадстаўлены значкі ўсіх савецкіх рэспублік, пачынаючы ад Прыбалтыкі і заканчваючы Уралам, Сібір'ю. У партрэтах музыкаў, пісьменнікаў, касманаўтаў захаваная гісторыя і культура», - падкрэсліла аўтар экспазіцыі.

Таццяна Міхайлаўна расказала, што фалерыстыка як масавае хобі паўстала ў 60-ыя гады XX стагоддзя - у перыяд «адлігі», калі актывізаваліся міжнародныя адносіны і міжкультурныя працэсы: «Калі раней выпускалі значкі, прымеркаваныя да пэўных знакавых падзеяў або дат, то неўзабаве сталі выпускаць серыі значкоў, прысвечаных знакамітым асобам усяго свету, перш за ўсё, культурным дзеячам».

Першую калекцыю ТМ. Прудко збірала ў дзяцінстве, калі адпачывала ў дзіцячым піянерскім лагеры «Артэк», дзе збіраліся дзеці з усяго Савецкага саюза. «Менавіта адтуль я прывезла свае першыя 100 значкоў!» - адзначыла аўтар выставы.

Таццяна Міхайлаўна выказала надзею на тое, што выстава будзе цікавай як маладому пакаленню - студэнтам, так і старэйшаму - супрацоўнікам і выкладчыкам ВНУ.

Калекцыю значкоў можна ўбачыць у Музеі гісторыі ГрДУ імя Янкі Купалы па адрасе: вул. Ажэшкі, 22, аўд. 214. Выстава адкрыта з 9.00 да 16.00 па буднях.