Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 12 Студзень 2018 11:14

Студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы ўдастоены прэміі імя А.І. Дубко

0W1A1041Юбілейная 20-ая цырымонія ўручэння ўзнагарод адораным дзецям, навучэнцам і студэнтам Гродзеншчыны па выніках 2017 года прайшла ў Гродне. Уладальнікамі прэстыжнай прэміі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта імя Аляксандра Іосіфавіча Дубко ў гэтым годзе сталі 39 маладых жыхароў Гродзеншчыны. Сярод іх прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

За высокія спартыўныя дасягненні прэміі была ўдастоена студэнтка 4 курса факультэта фізічнай культуры Віялета Чуйкова, за дасягненні ў галіне мастацтва - студэнтка 3 курса факультэта мастацтваў і дызайну Наталля Галяткіна, за дасягненні ў сферы навукі - студэнтка 3 курса факультэта эканомікі і кіравання Ірына Вішняк. Таксама ўзнагароду атрымаў навучэнец Тэхналагічнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы Ілля Бушмакін.

–Атрымліваюць прэмію традыцыйна лепшыя прадстаўнікі моладзі вобласці. Важна, што Гродзенская вобласць у сферы адукацыі займае лідзіруючыя пазіцыі ў краіне, у тым ліку па выніках цэнтралізаванага тэсціравання, алімпіяд, прычым перамагаюць нашы маладыя розумы і на міжнародным узроўні. Звыш 40 студэнтаў гродзенскіх універсітэтаў сталі пераможцамі Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ, - адзначыў падчас цырымоніі ўзнагароджання намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч. Ён дадаў, што на вядучых пазіцыях моладзь рэгіёну знаходзіцца і ў спорце, у прыватнасці, каманда Гродзенскай вобласці ў 2017 годзе стала пераможцам рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў, нямала дасягненняў і ў творчай сферы.

Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел Эма Дубко, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Віктар Сняжыцкі, прарэктар па выхаваўчай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Фёдар Лявонаў.

 

У тэму

За 20 гадоў існавання прэміі яе лаўрэатамі сталі больш за 600 маладых людзей. Дарэчы, амаль сто уладальнікаў прэмій розных гадоў паўдзельнічалі ў юбілейнай цырымоніі ўзнагароджання, пагутарылі з цяперашнімі пераможцамі, падзяліліся з імі жыццёвым вопытам. У падарунак ўсе ўдзельнікі атрымалі і новую кнігу, якая распавядае аб таленавітай моладзі рэгіёну.

Прэмія Гродзенскага аблвыканкама адораным навучэнцам заснавана ў 1998 годзе, з 2001-га носіць імя аднаго з губернатараў вобласці, Героя Беларусі Аляксандра Дубко. Першапачаткова стыпендыя ўручалася школьнікам і студэнтам. Пазней да іх ліку далучыліся навучэнцы прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Цырымонія ўручэння прэміі стала адным з мерапрыемстваў, прымеркаваных да 80-гадовага юбілею Аляксандра Дубко.