Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 28 Снежань 2017 08:28

Студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы прымаюць удзел у Навагоднім свяце ў Палацы Незалежнасці

7751 2Пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, конкурсаў і спаборніцтваў, творчых фестываляў, лідэраў моладзевых парламентаў, актывістаў БРСМ, валанцёраў, лаўрэатаў спецыяльных фондаў Прэзідэнта, юных наватараў, вынаходнікаў і выдатнікаў пад Новы год запрасіў у госці Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Перадсвяточная сустрэча Кіраўніка дзяржавы з таленавітай моладдзю праходзіць сёння, 27 снежня, у Мінску ў Палацы Незалежнасці. Свята сабрала 250 чалавек з усіх рэгіёнаў краіны. Усе яны - лепшыя прадстаўнікі вучнёўскай моладзі ва ўзросце ад 16 гадоў і старэй, якія праявілі сябе ў творчым, культурным, спартыўным і грамадскім жыцці, сталі ініцыятарамі сацыяльна значных праектаў.

– Я шчыра рады ў такой святочнай атмасферы вітаць вас - лепшых, разумных, зусім яшчэ маладых людзей, якія падаюць вялікія надзеі  , - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Для нас вельмі важна сёння ўбачыць тут будучых зорак, будучых вучоных. Для гэтага мы стваралі фонды па падтрымцы  таленавітай моладзі. І вельмі многія стыпендыяты сёння прысутнічаюць.

Кіраўнік дзяржавы заклікаў маладых людзей у будучыні працягваць той курс, які праводзіць цяперашняе пакаленне, і падкрэсліў, што сёння задача юных грамадзян - вучыцца, атрымаць добрую адукацыю.

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў навучэнцаў з надыходзячым Новым годам і пажадаў ім заставацца заўсёды такімі ж таленавітымі і разумнымі, якімі яны з'яўляюцца цяпер.

Сярод удзельнікаў святочнай сустрэчы - студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы: пераможца рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года – 2017», студэнтка 2 курса філалагічнага факультэта Аляксандра Радковіч, старшыня ПСО «Белая Русь» у купалаўскім універсітэце, студэнт 3 курса юрыдычнага факультэта Аляксей Апановіч, удзельнік грамадзянска-патрыятычнага праекта «Жывая гісторыя», магістрант філалагічнага факультэта Андрэй Віктараў,  уладальніца залатога медаля па скачках з шастом на Сусветнай універсіядзе ў Тайбэі, студэнтка 2 курса факультэта фізічнай культуры Ірына Жук, прызёр чэмпіянату Еўропы па барацьбе, студэнт 1 курса факультэта фізічнай культуры Павел Лях, актывіст валанцёрскага руху, студэнтка 3 курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі Паліна Курбатава, актыўны ўдзельнік чэмпіянатаў ваенных факультэтаў, курсант 3 курса ваеннага факультэта Уладзіслаў Росал, удзельнікі музычных конкурсаў, студэнты факультэта мастацтваў і дызайну Іван Дайнэка і Наталля Галяткіна, удзельніца міжвузаўскага студэнцкага форуму «Студэнцкая змена», студентка 2 курса факультэта біялогіі і экалогіі Кацярына Янчурэвіч, удзельніца конкурсаў прамоўніцкага майстэрства, актывістка, студэнтка 3 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Дар'я Глінская і студэнтка 3 курса педагагічнага факультэта Аксана Дабравольская.

Узначальвае дэлегацыю купалаўскага ўніверсітэта прарэктар па выхаваўчай працы Васілій Сянько.