Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 05 Снежань 2017 10:41

Навуковая бібліятэка ГрДУ імя Янкі Купалы атрымала ўнікальнае першае поўнае факсімільнае выданне “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”

7486 7Выданне складаецца з 20 тамоў, якія ўяўляюць сабой поўны збор 25 кніг, надрукаваных Францыскам Скарынам у Празе ў 1517-1519 гады і ў Вільні ў 1522-1525 гады. Арыгіналы кніг знаходзяцца ў розных частках свету.

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі падчас урачыстай перадачы выдання культурным установам Гродзеншчыны і ўніверсітэцкім бібліятэкам адзначыў, што дадзены праект, які прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, – сумесная праца Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Банка БелВЭБ, якая ажыццяўлялася па блаславенні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта. Кнігі адрасаваны даследчыкам, выкладчыкам, студэнтам, навучэнцам і ўсім, хто цікавіцца гісторыяй і культурай Беларусі.

Адзначым, што выданне папаўняе кніжніцы не толькі Беларусі, але і замежных краін. Яно ёсць у бібліятэках Арганізацыі Аб’яднаных нацый, Ватыкана, Кітая і іншых краін. На Гродзеншчыну прыехала 29 камплектаў шматтомніка. Яны папоўнілі фонды абласной навуковай бібліятэкі імя Карскага, вышэйшай духоўнай семінарыі, трох універсітэтаў абласнога цэнтра, у тым ліку і ГрДУ імя Янкі Купалы, музеяў гісторыка-археалагічнага і гісторыі рэлігіі. Таксама кнігі перададзены ва ўсе раённыя бібліятэкі.

Выданне суправаджаецца навуковымі каментарамі, а арыгінальныя тэксты Скарыны перакладзены на сучасную беларускую мову, рускую і англійскую.

Пазнаёміцца з поўным зборам кніг, надрукаваных беларускім першадрукаром, купалаўцы могуць у навуковай бібліятэцы Гродзенскага ўнірвесітэта.