Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 01 Снежань 2017 14:13

Вывучэнне кітайскай мовы і культуры як фактар ўстойлівага развіцця рэгіёнаў Беларусі абмяркоўваюць у ГрДУ імя Янкі Купалы

IMG 3648Двухдзённы навукова-практычны круглы стол у трэці раз сабраў у Гродзенскім універсітэце прадстаўнікоў Гродзенскага аблвыканкама, педагогаў, культуролагаў, эканамістаў з Кітая, студэнтаў і выкладчыкаў, а таксама шырокае кола людзей, зацікаўленых у вывучэнні кітайскай мовы і культуры.

– Тэма круглага стала сёння актуальная як ніколі. Кітай усё больш упэўнена заяўляе пра сябе як пра сусветны цэнтр сучасных тэхналогій і інавацыйных вытворчасцей, а кітайская мова з'яўляецца самай распаўсюджанай мовай у свеце па колькасці людзей, якія размаўляюць на ей. Менавіта таму цікавасць да яе вывучэння расце ва ўсім свеце, - адзначыла першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. - Мы з'яўляемся сведкамі развіцця ўсебаковага стратэгічнага партнёрства Беларусі і Кітая, росту двухбаковага супрацоўніцтва ў інвестыцыйнай, прамысловай, сельскагаспадарчай і інавацыйнай сферах, узаемадзеяння ў рамках рэалізацыі ініцыятывы КНР «Адзін пояс, адзін шлях», стварэння ў нашай краіне індустрыяльнага парку «Вялікі камень», рэалізацыі сумесных навуковых і адукацыйных праектаў. Гэтым абумоўлена неабходнасць падрыхтоўкі спецыялістаў з веданнем кітайскай мовы для розных сфер прафесійнай дзейнасці.

Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы актыўна ўключыўся ў гэты працэс. З 2007 года студэнты і жыхары горада Гродна атрымалі магчымасць вывучаць кітайскую мову на курсах пры створаным ва ўніверсітэце Цэнтры кітайскай мовы і культуры. З 2008 года кітайская мова ў якасці другой замежнай мовы выкладаецца для студэнтаў спецыяльнасці «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый» - будучых перакладчыкаў, з 2017 - для студэнтаў спецыяльнасці "Міжнароднае права". З 2013 года ва ўніверсітэце паспяхова дзейнічае Кабінет кітаязнаўства імя Канфуцыя.

Купалаўскі ўніверсітэт бачыць перспектывы супрацоўніцтва з КНР па многіх абласцях. Для дзвюх краін актуальныя сумесныя навуковыя даследаванні, развіццё створанага на базе ГрДУ імя Янкі Купалы Навукова-тэхналагічнага парку з прыцягненнем азіяцкіх спецыялістаў і тэхналогій, пашырэнне кантактаў паміж студэнтамі ў сферы культуры і спорту, сумесная адукацыйная дзейнасць па падрыхтоўцы высокапрафесійных спецыялістаў.

Сярод удзельнікаў канферэнцыі - намеснік дырэктара Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ Яньвэй Сун, якая ўпершыню знаходзіцца ў Гродне і купалаўскім універсітэце. Госця лічыць, што цяперашні круглы стол - гэта чарговы крок у папулярызацыі кітайскай мовы і культуры і этап у развіцці двухбаковых партнёрскіх адносін паміж Кітаем і Беларуссю.

Падчас пленарнага пасяджэння ўдзельнікі сустрэчы прадставілі вынікі і абазначылі перспектывы міжрэгіянальнага супрацоўніцтва Гродзенскай вобласці і правінцый КНР. У прыватнасці, пра гэта казала намеснік старшыні камітэта эканомікі - начальнік упраўлення інвестыцый, інавацыйнай і знешнеэканамічнай дзейнасці Гродзенскага аблвыканкама Алена Шчабетка. Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Вярсоцкі адзначыў ролю Гродна як сімвалічнай культурнай брамы Шаўковага шляху ў Рэспубліцы Беларусь. Прадстаўнікі ўнівэрсітэтаў падзяліліся вопытам выкладання кітайскай мовы і падрыхтоўкі спецыялістаў, а таксама ўзаемадзеяння з навуковымі і інавацыйнымі арганізацыямі Кітая.

У рамках дыскусійных пляцовак калегі плануюць абмеркаваць вывучэнне кітайскай цывілізацыі ў міждысцыплінарным і міжкультурным аспектах, вызначыць месца кітайскай мовы ў моўнай і культурнай прасторы свету, а таксама разгледзець актуальныя праблемы выкладання кітайскай мовы і культуры на сучасным этапе ва ўстановах адукацыі рознага ўзроўню.

Арганізатарамі круглага стала выступаюць Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і Гродзенскі аблвыканкам. Правядзенне форуму падтрымана Рэспубліканскім інстытутам кітаязнаўства імя Канфуцыя, Сіньцзянскім педагагічным універсітэтам, Дзяржаўнай канцылярыяй КНР па распаўсюджванні кітайскай мовы за мяжой.