Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 30 Лістапад 2017 09:28

Пераможцаў этапаў Спартакіяды студэнцкай моладзі Саюзнай дзяржавы ўшаноўвалі ў ГрДУ імя Янкі Купалы

7431 6Прарэктар па выхаваўчай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Васілій Сянько сустрэўся са студэнтамі, якія прадстаўлялі ўніверсітэт на Спартакіядзе студэнцкай моладзі Саюзнай дзяржавы.

Васілій Васільевіч павіншаваў купалаўцаў з перамогай на прэстыжных спаборніцтвах і пажадаў юнакам і дзяўчатам новых здзяйсненняў, перамог і заваявання вяршынь спартыўнага Алімпу. Словы падзякі прагучалі і ў адрас трэнерскага складу - старшага выкладчыка кафедры спартыўных гульняў Аркадзія Абялеўскага і старэйшага выкладчыка кафедры фізічнага выхавання і спорту Станіслава Лісоўскага, якія паспяхова падрыхтавалі каманды да ўдзелу ў спаборніцтвах.

Нагадаем, што мужчынская зборная ГрДУ імя Янкі Купалы па міні-футболе і жаночая каманда па валейболе атрымалі перамогу на спартакіядзе Саюзнай дзяржавы, якая нядаўна  праходзіла ў Брэсце. Лепшай у спаборніцтвах па баскетболе, якія адбыліся ў рамках трэцяга этапу спартакіяды ў Варонежы, стала яшчэ адна жаночая зборная ўніверсітэта. Там жа перамогу ў скарбонку спартыўных дасягненняў купалаўскага ўніверсітэта прынесла студэнтка факультэта біялогіі і экалогіі Яна Вараб'ёва, якая заняла першае месца ў асабістых спаборніцтвах па настольным тэнісе.

– Мы пастаянна сочым за вашымі поспехамі, - адзначыў Заслужаны трэнер СССР і БССР, прафесар, загадчык кафедры фізічнага выхавання і спорту Вячаслаў Максімовіч. - Дзякуючы намаганням студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы займае лідзіруючыя пазіцыі ў галіне студэнцкага спорту краіны і да таго ж ідзе другім па выніках Рэспубліканскай універсіяды - 2017. Наперадзе яшчэ некалькі спаборніцтваў, якія пакажуць канчатковыя вынікі. Мы ўпэўнены ў сілах нашых рабят.

Вячаслаў Аляксандравіч нагадаў, што у 2019 годзе ў Мінску пройдуць II Еўрапейскія гульні, і выказаў надзею, што купалаўцы стануць удзельнікамі гэтых маштабных моладзевых спаборніцтваў і зоймуць прызавыя месцы.