Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 29 Лістапад 2017 09:17

ГрДУ імя Янкі Купалы стаў месцам сустрэчы нацыянальных культур

IMG 2510Упершыню ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы прайшла творчая гасціная «Беларусь - скрыжаванне нацыянальных культур», якая аб'яднала беларускіх і замежных студэнтаў з Бангладэш, Туркменістана, Таджыкістана, Ірака, Кітая, Ганы, Узбекістана, Азербайджана і шэрагу іншых краін.

У святочных мерапрыемствах прыняла ўдзел першы прарэктар Гродзенскага ўніверсітэта Ірына Кітурка і Другі сакратар Пасольства КНР у Рэспубліцы Беларусь Лі Ваньху.

–Спадзяюся, што творчая гасцёўня стане традыцыйным мерапрыемствам на Гродзеншчыне і будзе адкрываць перад намі культуры іншых краін і народаў, - павітала Ірына Фёдараўна. - Жадаю ўсім добрага настрою, творчасці, цікавых пляцовак, ўзаемаабагачэння, новых сяброў і ўдачы!

Па-сапраўднаму акунуцца ў свет народаў Еўропы, Азіі і Афрыкі дапамаглі інтэрактыўныя пляцоўкі. Студэнты з Кітая зладзілі чайную цырымонію, хлопцы з Бангладэш і Ірака зкаапераваліся і прапанавалі ўдзельнікам майстар-класы па арабскай каліграфіі і пісьму на мове хіндзі. Студэнт з Эквадора навучыў кожнага жадаючага танцаваць запальныя і энергічныя сальсу і бачату. Студэнты з Туркменістана, Таджыкістана і Азербайджана частавалі гасцей стравамі нацыянальнай кухні і раскрывалі сакрэты іх прыгатавання.

У рамках творчай гасцёўні адбыўся круглы стол, прысвечаны адзінству і разнастайнасці нацыянальных культур. Замежнікі «прэзентавалі» свае краіны, распавялі пра самыя прыгожыя славутасці і месцы сваёй радзімы, цікавыя звычаі, нацыянальныя стравы, традыцыі, факты і гісторыю.

– Прэзентацыі, прадстаўленыя студэнтамі, раскрылі культуру краін Усходу і Афрыкі, свой нацыянальны каларыт. Адбылося ўзаемнае ўзбагачэнне ведамі. Круглы стол падарыў незабыўную атмасферу сяброўства, яднання, радасці. Сардэчна і пачуццёва аб сваёй радзіме распавядалі студэнты з Туркменістана, якія, дарэчы, былі ўдастоены дыпломаў пераможцаў, - падзяліўся арганізатар круглага стала, дырэктар Цэнтра міждысцыплінарных даследаванняў дыяспар і замежнага беларусазнаўства ГрДУ імя Янкі Купалы прафесар Дзмітрый Караў.

Па выніках мерапрыемства былі абраныя пераможцы ў намінацыях «Лепшая інтэрактыўная пляцоўка» і «Лепшае выступленне на круглым стале «Адзінства і разнастайнасць нацыянальных культур». Памятныя прызы і дыпломы юнакі і дзяўчаты атрымалі падчас цырымоніі закрыцця фестывалю з рук прарэктара па вучэбнай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы Юрыя Бялых.

Адзначым, што творчая гасцёўня «Беларусь - скрыжаванне нацыянальных культур» стала адным з мерапрыемстваў рэспубліканскага фестывалю творчасці замежных студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі «F. - ART.by», які праходзіць з 17 лістапада па 20 снежня. Арганізатарамі фестывалю ў купалаўскім універсітэце выступілі Міністэрства адукацыі, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Цэнтр інтэрнацыяналізацыі адукацыі і Цэнтр міждысцыплінарных даследаванняў дыяспар і замежнага беларусазнаўства.