Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 24 Лістапад 2017 17:01

Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні сабралі ў ГрДУ імя Янкі Купалы вучоных-філолагаў, пісьменнікаў, паэтаў і літаратуразнаўцаў з Беларусі, Украіны і Францыі

IMG 0761На працягу шэрагу гадоў канферэнцыя аб'ядноўвае аматараў творчасці Янкі Купалы.

 

Навуковы форум у сценах Гродзенскага ўніверсітэта праводзяць не выпадкова: установа носіць імя беларускага класіка і паэта, чыю спадчыну шануе і беражэ акадэмічная супольнасць купалаўцаў.

Канферэнцыя стала знакавай падзеяй у навуковым жыцці ўніверсітэта: у гэтым годзе яна прымеркавана да 135-годдзя з дня нараджэння песняра зямлі беларускай. Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі ўнучаты пляменнік Янкі Купалы, паэт і пісьменнік Андрэй Скарынкін і старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч.

Як распавяла загадчык кафедры беларускай літаратуры Алена Садоўская, цяперашнія Купалаўскія чытанні знакавыя і таму, што ў аргкамітэт было пададзена рэкордная колькасць заявак: навуковыя артыкулы, прысвечаныя жыццю, дзейнасці і творчасці Янкі Купалы, накіравалі больш за 100 філолагаў, навукоўцаў, пісьменнікаў, паэтаў, студэнтаў і выкладчыкаў, работнікаў устаноў культуры і адукацыі з усіх абласных цэнтраў Беларусі, сталіцы і краін блізкага і далёкага замежжа.

– Асоба і спадчына Янкі Купалы нязменна прыцягваюць да сябе ўвагу даследчыкаў, як Беларусі, так і іншых краін. Таму Купалаўскія чытанні - гэта не проста канферэнцыя, гэта магчымасць наладзіць прафесійныя, навуковыя кантакты паміж удзельнікамі форуму, - адзначыла Алена Станіславаўна.

Вітаючы ўдзельнікаў канферэнцыі, прарэктар па навуковай рабоце Уладзімір Барсукоў падкрэсліў, што Купалаўскія чытанні праходзяць у год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. І гэта таксама знакава:

– Янка Купала, як і Францыск Скарына, працягнуў працэсы станаўлення беларускай нацыі, таму мы вельмі ганарымся, што Гродзенскі ўніверсітэт названы ў гонар гэтага вялікага чалавека - не толькі пісьменніка і паэта, але і выдатнага вучонага і культурнага дзеяча.

Ідэйным натхняльнікам канферэнцыі многія гады быў прафесар, доктар філалагічных навук Ігар Васільевіч Жук, які нядаўна заўчасна пайшоў з жыцця. Таму першы пленарны выступ прысвяцілі Ігару Васільевічу. Сваімі ўспамінамі і разважаннямі пра вучонага падзяліўся Аляксей Пяткевіч, адзначыўшы, што гэта быў самастойны даследчык, які знаходзіў нестандартныя метады вывучэння матэрыялу, абапіраўся ў даследаваннях на аўтарытэтны міжнародны кантэнт і сам яго ствараў, зрабіў неацэнны ўнёсак у развіццё беларускага літаратуразнаўства і сусветнай культуры.

У рамках форуму праходзяць секцыйныя пасяджэнні. Удзельнікі гавораць пра ролю Янкі Купалы ў беларускай і сусветнай культуры, актуальных праблемах выкладання творчасці Купалы і Коласа, а таксама пытаннях сучаснага мовазнаўства і літаратуразнаўства.

Завершыцца канферэнцыя міжнародным круглым сталом з удзелам кандыдата філалагічных навук, дацэнта Універсітэта Ліль Ганны Жураўлёвай. Калегі плануюць абмеркаваць стан беларускай мовы за мяжой, а таксама пазнаёмяцца з сістэмай адукацыі Францыі.

Арганізатарам навуковага форуму выступіла кафедра беларускай філалогіі.