Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Серада, 22 Лістапад 2017 12:23

Змагары ГрДУ імя Янкі Купалы ў складзе зборнай каманды Беларусі сталі пераможцамі Міжнароднага каманднага турніру па грэка-рымскай барацьбе памяці алімпійскага чэмпіёна Алега Караваева

7323 1Беларуская зборная была прадстаўлена дзвюма камандамі «Беларусь 1» і «Беларусь 2», у складзе якіх выступалі самыя моцныя барацьбіты Гродзеншчыны - студэнты купалаўскага ўніверсітэта. Спартсмены змагаліся з супернікамі з Грузіі, Казахстана, Польшчы, Расіі, Узбекістана і Украіны.

 

Спаборніцтвы праходзілі 17 лістапада ў Мінску ў Палацы спорту ў фармаце «сценка на сценку».

У фінале, як і год таму,  беларускія спартсмены ўпэўнена перамаглі моцную каманду з Расіі, захаваўшы чэмпіёнскі тытул. Пераможныя ачкі нашай зборнай прынёс студэнт факультэта фізічнай культуры ГрДУ імя Янкі Купалы Радзік Куліеў ў вагавай катэгорыі да 80 кг. Варта адзначыць, што за першае месца ў складзе «Беларусь 1» таксама змагаліся студэнты факультэта фізічнай культуры Гродзенскага ўніверсітэта Саслан Даураў ў вагавай катэгорыі да 66 кг і Аляксандр Грабовік у вагавай катэгорыі да 98 кг.

Даведка

Алег Караваеў стаў першым беларускім алімпійскім чэмпіёнам па грэка-рымскай барацьбе. У 1960 годзе ў Рыме на ХVII Алімпійскіх гульнях перамог у вагавай катэгорыі да 57 кг, выйграўшы шэсць паядынкаў. У тым жа годзе Караваеву было прысвоена званне заслужанага майстра спорту СССР, ён быў узнагароджаны Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалём «За працоўную адзнаку». Таксама Алег Караваеў - тытулаваны чэмпіён свету, пераможца спартакіяды народаў СССР і сямі чэмпіянатаў СССР у асабістых і камандных спаборніцтвах. На працягу 7 гадоў, з 1971 па 1978 год, працаваў трэнерам добраахвотнага спартыўнага таварыства (ДСО) «Буравеснік» у Мінску.

У жніўні 1978 гады ў ўзросце 42 гадоў алімпійскі чэмпіён заўчасна пайшоў з жыцця.

Турнір, прысвечаны яго памяці, праводзіцца на працягу 24 гадоў з 1994 года.