Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Пятніца, 10 Лістапад 2017 14:25

Студэнты і выкладчыкі філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы чыталі Коласаву "кнігу жыцця"

5Юбілейнае шэсце прачытання Коласавых твораў знайшло сваё пачэснае ўвасабленне на філалагічным факультэце. 9 лістапада кафедра беларускай філалогіі правяла ўрачысты літаратурны вечар “Чытаю Коласа…”, прысвечаны 135-й гадавіне з дня нараджэння беларускага паэта і пісьменніка.

 

– Гэта шыкоўная імпрэза, зладжаная лістападаўскімі днямі, выразна падкрэсліла, што духоўным хлебам для беларусаў былі і застаюцца Якуб Колас і Янка Купала – пачатак пачаткаў нацыянальнай літаратуры, беларускай паэтычнай філасофіі. Розныя па прыродзе мыслення, стылі пісьма, яны абодва, кожны па-свойму, дбалі, каб “людзьмі звацца”, выходзіць “на прастор, на шырокі прастор”, каб “заняць свой пачэсны пасад між народамі”. Таму спадчына двух класікаў – гэта сапраўдная “Кніга жыцця”, якую беларусы будуць адкрываць для сябе бясконца, – падкрэсліла падчас адкрыцця вечарыны дацэнт кафедры беларускай філалогіі Аліна Сабуць.

Літаратурнае свята “Чытаю Коласа…” гасцінна запрасіла ўсіх прысутных прайсці дарогамі Коласавых герояў і ўсвядоміць, што ў кожнага Колас свой: з паняццямі гармоніі зямнога і нябеснага, з эстэтычнымі катэгорыямі прыгожага і духоўнага, з жыццёвай мудрасцю, падсілкаванай гумарам. Філолагі-купалаўцы і госці не толькі літаральна чыталі Коласавы творы, але і прызналі, што “Чытаю Коласа” – гэта найперш пазнаю, расшыфроўваю мастацкі свет славутага песняра праз Коласавы шырокія прасторы, “вобразы мілыя роднага краю”, праз паэтаву “Новую зямлю” – як новую, незалежную Беларусь, годную беларускую сям’ю, дзе пануе лад і любоў да Чалавека як найвялікшай каштоўнасці жыцця.

З прывітальным словам да аўдыторыі звярнулася дэкан філалагічнага факультэта Іна Лісоўская, якая падкрэсліла вагомасць прачытання літаратурнай класікі і ўнікальную беларускую закадзіраванасць Коласавых твораў.

Адметным ушанаваннем свята стала тое, што Коласава паэма “Новая зямля” прагучала на трох мовах – беларускай, рускай і польскай у выкананні студэнтаў Лізаветы Даўгаполік, Сняжаны Дашкевіч і магістранта Андрэя Віктарава, якія прачыталі ўрывак “Раніца ў нядзельку” са славутага твора. Выступоўцы выразна падкрэслілі тое, што беларусам сапраўды хапіла б аднаго гэтага твора, каб заявіць пра сябе ў свеце. Мелодыя прыгожа агучанай песні “Мой родны кут” нагадала, што знаёмы радок “Мой родны кут, як ты мне мілы…” стаў універсальнай паэтычнай формулай, кодам беларускасці.

Літаратуразнаўца, прафесар Аляксей Пяткевіч надзвычай вобразна і каларытна распавёў пра жыццёвыя эпізоды Якуба Коласа, якія раскрываюць паэта-класіка як чалавека, асобу. Сваёй разгадкай Коласавых радкоў, прачытаннем класічных твораў і прысвячэннем ўласных вершаў Коласу-песняру падзяліліся і госці імпрэзы – члены абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч, Браніслаў Ермашкевіч, Дзмітрый Радзівончык. Дзве песні на словы Якуба Коласа і Янкі Купалы выканаў кіраўнік гарадскога клуба творчай інтэлігенцыі “Грані” Аляксандр Закрэўскі.

На імпрэзе таксама быў прадстаўлены відэаролік “Мой Колас” з прачытаннем радкоў славутага песняра загадчыкамі кафедр філалагічнага факультэта, а таксама прагучала падзяка-пасланне Колас-Настаўніку і ўсім педагогам ад магістранткі факультэта Вікторыі Смолкі.

– Літаратурнае свята “Чытаю Коласа…” весткавала пра змястоўны дыялог філолагаў-купалаўцаў з класічнай спадчынай Якуба Коласа і Янкі Купалы, пра свядомае прачытанне-разгадку паэтавых твораў шырокай грамадскасцю у юбілейным карагодзе-акцыі. Бо чытаць класіку – гэта значыць пазнаваць таямніцы свету і сябе ў гэтым свеце, – адзначылі ўдзельнікі вечара.

З усімі навінамі філалагічнага факультэта можна азнаёміцца тут.