Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 02 Верасень 2015 16:33

У ГрДУ імя Янкі Купалы адкрылі «Плошчу ўніверсітэцкага сцяга» Рэкамендаваны

11730 13У Дзень ведаў, 1 верасня 2015 года, у галоўным корпусе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы адбылося ўрачыстае адкрыццё ўнутранага падворка - «Плошчы ўніверсітэцкага сцяга».

У цырымоніі прынялі ўдзел рэктар нашай ВНУ Андрэй Дзмітрыевіч Кароль, прарэктарскі корпус, дэканы і ганаровыя госці - старшыня Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў Анатоль Аляксеевіч Нікіцін, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы з 2005 па 2013 гг. Яўгеній Аляксеевіч Роўба і прафесар, доктар фізіка-матэматычных навук Іван Платонавіч Мартынаў.

На ўрачыстае адкрыццё Плошчы ўніверсітэцкага сцяга прыйшлі студэнты, навучэнцы чатырох каледжаў, якія ўваходзяць у структуру купалаўскага ўніверсітэта, выкладчыкі і супрацоўнікі ВНУ.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў сустрэчы звярнуўся рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Андрэй Дзмітрыевіч Кароль, адзначыўшы, што ў Дзень ведаў сабраліся студэнты, якія нясуць ганаровае званне «купалаўца», каб стаць сведкам адкрыцця новага ўнутрыўніверсітэцкага комплексу. «Веды заўсёды маюць асацыяцыю з поспехам, а каб быць паспяховымі неабходна быць будаўнікамі саміх сябе, быць менеджарамі свайго шляху, які пачынаецца з адукацыі. Гэты год асаблівы не толькі для нашай краіны, але і для ўніверсітэта: Год моладзі, 75-годдзе ВНУ, выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Таму невыпадковым сёння стане адкрыццё Плошчы ўніверсітэцкага сцяга, што адзначана новай традыцыяй. Я хачу ўсім пажадаць беражліва ставіцца да такіх традыцый, якія з'яўляюцца залогам поспеху любой краіны», - завяршыў свой выступ Андрэй Дзмітрыевіч.

Са словамі віншавання выступіў таксама старшыня Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў Анатоль Аляксеевіч Нікіцін, які пажадаў купалаўцам выдатных адзнак, моцнага здароўя і працаваць на карысць Беларусі.

Затым лепшыя студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы - пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, спаборніцтваў, а таксама актывісты нашай ВНУ разам са студэнткай 1 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Алісай Бадранковай, якая набрала па выніках уступных выпрабаванняў найбольшую колькасць балаў, доктарам юрыдычных навук, загадчыкам кафедры грамадзянскага права і працэсу Ігарам Эдуардавічам Мартыненка, кандыдатам фізіка-матэматычных навук Вольгай Міхайлаўнай Кітурка і рэктарам універсітэта паднялі ўніверсітэцкі сцяг, што азнаменавала адкрыццё плошчы.

Студэнты ўсіх факультэтаў і навучэнцы Ваўкавыскага, Гуманітарнага, Лідскага і Тэхналагічнага каледжаў ГрДУ імя Янкі Купалы разам з дэканамі высадзілі зялёную алею студэнцтва.

Песнямі ўдзельнікаў цырымоніі павіншавалі студэнты факультэта мастацтваў і дызайну Артур Якушаў і Анастасія Аўсейчык.