Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Панядзелак, 02 Кастрычнік 2017 10:18

ГрДУ імя Янкі Купалы ўзнагароджаны граматай РГА «Асамблея народаў Чувашыі» за ўклад ва ўмацаванне дружбы паміж народамі Беларусі і Чувашыі

Чувашия копияЎзнагароду адміністрацыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы перадаў выканаўчы дырэктар - намеснік Старшыні Савета Асамблеі народаў Чувашскай Рэспублікі, доктар культуралогіі, прафесар Чувашскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя І.М. Ульянава Уладзімір Васільеў падчас візіту ў Гродна.

Нагадаем, што ў траўні 2016 года Ўладзімір Аляксандравіч прыязджаў у наш горад і  сустракаўся з кіраўніцтвам купалаўскага ўніверсітэта. Мэтай яго мінулай паездкі сталі здымкі дакументальнага фільма і наладжванне больш цесных кантактаў паміж ГрДУ імя Янкі Купалы і ЧГУ імя І.М. Ульянава.

У час цяперашняга візіту Уладзімір Васільеў прадставіў дакументальны фільм «Зрабіўшыя крок ў неўміручасць», зняты пад яго кіраўніцтвам творчай групай Чувашскіх кінематаграфістаў пры дапамозе беларускіх калег, студэнтам і выкладчыкам купалаўскага ўніверсітэта, навучэнцам і педагогам Гуманітарнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы, а таксама вучням і педагагічнаму калектыву сярэдняй школы № 35. Стужка апавядае пра подзвіг кіраўнікоў гарадзенскага падполля ў 1941-1942 гады, ураджэнцаў Чувашыі, мужа і жонкі Мікалая Волкава і Барбары Шапашнікавай.

Фільм выклікаў вялікую цікавасць у гродзенскай моладзі, якая адкрыла для сябе новыя старонкі ў гісторыі свайго горада і даведалася пра сувязі роднай Гродзеншчыны з далёкай Чувашыяй, жыхары якіх у 1941-1945 гадах у адзінай сям'і савецкіх народаў абаранялі агульную Радзіму.

Адзначым, што месца для паказу стужкі было абрана невыпадкова: сярэдняя школа № 35 носіць імя Н. Волкава, у яе сценах працуе музей, прысвечаны герою-падпольшчыку і яго групе, якія разам змагаліся з гітлераўскімі акупантамі з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, пры стварэнні фільма «Зрабіўшыя крок ў неўміручасць», былі выкарыстаныя матэрыялы з экспазіцыі гэтага школьнага музея.

Чувашия