Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 08 Верасень 2017 09:02

Навучальныя заняткі для студэнтаў-першакурснікаў правялі спецыялісты-практыкі

6319 93У рамках практыка-арыентаванага навучання першыя лекцыі студэнтам прачыталі спецыялісты-практыкі: члены Каардынацыйных саветаў факультэтаў, прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў - заказчыкаў кадраў.

Са спецыфікай будучай прафесійнай дзейнасці студэнтаў 1 курса пазнаёмілі спецыялісты розных сфер.

Першую лекцыю студэнтам-першакурснікам юрыдычнага факультэта спецыяльнасці «Правазнаўства» прачытаў пракурор горада Гродна, старшы саветнік юстыцыі Уладзімір Уладзіміравіч Клішын.

Уладзімір Уладзіміравіч распавёў нам пра асаблівасці працы пракурора, пра перспектывы студэнтаў нашага факультэта ў будучыні, прывёў прыклады з асабістага вопыту, - падзяліліся ўражаннямі студэнты.

Першакурснікаў спецыяльнасці «Мытная справа» са спецыфікай прафесіі мытніка пазнаёміў намеснік начальніка Гродзенскай рэгіянальнай мытні, саветнік мытнай службы I рангу Мікалай Мікалаевіч Багалейша. Студэнты паглядзелі дакументальны відэафільм пра будні мытнай службы, а ў канцы сустрэчы Мікалай Мікалаевіч выказаў надзею на тое, што праз чатыры гады выпускнікі, якія атрымалі добрую адукацыю ў ГрДУ імя Янкі Купалы, пачнуць службу ў мытных органах. З першакурснікамі спецыяльнасці "Эканамічнае права" сустрэўся суддзя эканамічнага суда Гродзенскай вобласці Дзяніс Вітальевіч Кот, які адзначыў спецыфіку работы юрыста з веданнем эканомікі. Начальнік аддзела маркетынгу адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны "Гроднаінвест" Дзяніс Часлававіч Шулейка пазнаёміў студэнтаў 1 курса спецыяльнасці "Міжнароднае права" з асаблівасцямі прававога рэгулявання знешнеэканамічнай дзейнасці.

Свой першы навучальны дзень ва ўніверсітэце першакурснікі педагагічнага факультэта пачалі з дыялогу з прадстаўнікамі педагагічнай прафесіі. У рамках дзейнасці абласнога адукацыйнага кластара і рэалізацыі праекта педагагічнага факультэта "Прафесійна-прыкладная адукацыя" студэнты прынялі ўдзел у круглым стале «Уводзіны ў педагагічную прафесію». Аб развіцці абласной сістэмы адукацыі і працы з маладымі педагогамі распавяла начальнік аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Святлана Станіславаўна Кавалеўская. Дзейнасць сістэмы адукацыі, устаноў адукацыі, педагогаў дашкольнай, пачатковай і спецыяльнай адукацыі скрозь прызму канкрэтных прыкладаў на матэрыяле Мастоўскага раёна прадставіла загадчык ГУ «Мастоўскі раённы вучэбна-метадычны кабінет» Галіна Леанідаўна Глуткіна. У сваю чаргу, дырэктар ДУА «Гімназія №1 г. Слоніма» Галіна Уладзіміраўна Пайкіна ўзняла пытанні жыццёвых і прафесійных мэтаў і каштоўнасцяў педагога, распавяла пра свой шлях у прафесію і раскрыла магчымыя шляхі прафесійнага росту і асобаснага развіцця будучага настаўніка.

Перад першакурснікамі спецыяльнасцяў «Журналістыка» і «Інфармацыя і камунікацыя»  факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму выступілі начальнік упраўлення па ўзаемадзеянню са СМІ, справах рэлігій і нацыянальнасцяў Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Сяргей Сцяпанавіч Шумейка, галоўны рэдактар газеты "Пэрспэктыва" Тамара Леанідаўна Рудак і дырэктар КУП «Тэлерадыёвяшчальны канал» Гродна Плюс» Сяргей Генадзіевіч Мазайла. Вопытныя журналісты распавялі пра свой прафесійны шлях і пра спецыфіку працы ў сродках масавай інфармацыі. Госці асабліва падкрэслілі, што спрабаваць сябе ў журналісцкай прафесіі трэба ўжо ў студэнцкія гады.

Пагутарылі са спецыялістамі-практыкамі і першакурснікі іншых факультэтаў ГрДУ імя Янкі Купалы.