Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Аўторак, 25 Ліпень 2017 12:39

Распрацоўка ГрДУ імя Янкі Купалы адобрана Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь

5969 2На базе Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі (РІПА) 20 ліпеня прайшла нарада пад кіраўніцтвам Міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ірыны Касцевіч.

 

На сустрэчы была прадстаўлена навуковая распрацоўка даследчай групы сістэмнага аналізу Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, якой кіруе загадчык кафедры фундаментальнай і прыкладной матэматыкі, прафесар Яўгеній Роўба. Праект купалаўцы стваралі разам з РІПА ў складзе часовага навуковага калектыву пад кіраўніцтвам прафесара інстытута Аркадзія Шкляра.

Распрацоўка ўяўляе сабой падтрыманую прататыпам вэб-сэрвісу метадалогію прагназавання патрэбнасці эканомікі Рэспублікі Беларусь у прафесійных кадрах на аснове анталагічнага падыходу і стахастычных мадэляў паводзін удзельнікаў рынку працы.

Прэзентавалі распрацоўку выкладчыкі купалаўскага ўніверсітэта: дацэнт кафедры спартыўнай медыцыны і лячэбнай фізкультуры Сяргей Пятроў і старшы выкладчык кафедры міжнароднага бізнесу і маркетынгу Уладзімір Ляўшук. У абмеркаванні праекта ўдзельнічалі Міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ірына Касцевіч, першы намеснік Міністра Андрэй Лабовіч, начальнік упраўлення палітыкі занятасці Алег Такун, рэктар РІПА Валерый Галубоўскі, дырэктар Навукова-даследчага інстытута Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Таццяна Міронава, а таксама кіраўнікі зацікаўленых структурных падраздзяленняў Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі і міністэрства.

Па выніках нарады распрацоўка купалаўцаў была адобрана. Таксама прынята рашэнне аб працягу працы па дадзенай праблематыцы ў цесным узаемадзеянні паміж купалаўскім універсітэтам і НДІ Працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь.