Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 22 Чэрвень 2017 11:22

У ГрДУ імя Янкі Купалы прайшла абарона першага ва ўніверсітэце міждысцыплінарнага дыпломнага праекта

5756 4Студэнты розных спецыяльнасцяў факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму пад кіраўніцтвам прафесара кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Святланы Марозавай і дацэнта кафедры журналістыкі Ірыны Герасімчык стварылі унікальны праект «Музыка стагоддзяў».

Ацэньвалі сумесную працу купалаўцаў члены дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі. Таксама на абарону дыпломнага праекта былі запрошаны прарэктар па вучэбнай працы Генадзій Гачко, дэкан факультэта Аляксандр Нечухрын, прадстаўнікі вучэбна-метадычнага кіравання і Цэнтра па сувязях з грамадскасцю, навуковыя кіраўнікі рабят.

Аўтарамі і стваральнікамі праекта з'яўляюцца студэнты спецыяльнасці «Гісторыя (айчынная і ўсеагульная)» Зміцер Станкевіч, Мікіта Каранкевіч, Ганна Шульская і студэнтка спецыяльнасці «Інфармацыя і камунікацыя» Дар'я Гаўрыльчук. Сутнасць іх ідэі - арганізаваць турыстычнае падарожжа па Беларусі ў абноўленым, цікавым і прывабным для моладзі фармаце 2.0. Ён мяркуе знаёмства са знакавымі аб'ектамі культурна-гістарычнай спадчыны краіны праз выкарыстанне культурна-пазнавальнага і інтэрактыўнага складнікаў. Праект разлічаны на школьнікаў, якім трэба будзе здаваць экзамен альбо цэнтралізаванае тэсціраванне па гісторыі Беларусі, а таксама на студэнтаў малодшых курсаў, якія цікавяцца гісторыяй роднага краю.

Для рэалізацыі сваёй задумкі студэнты выбралі Смаргонскі раён. Зрабілі гэта па дзвюх прычынах. Па-першае, менавіта тут сканцэнтраваны помнікі агульнаеўрапейскага значэння: Крэўскі замак, касцёл Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні, музей-сядзіба Міхаіла Клеафаса Агінскага ў Залессі і музей-сядзіба Францішка Багушэвіча ў Кушлянах. Па-другое, усе гэтыя аб'екты належаць да розных гістарычных эпох, але звязаны ў маршруце ідэяй адлюстравання пераемнасці гісторыі, паслядоўнасці развіцця інтэлектуальнага і духоўнага патэнцыялу нашых продкаў, што дазваляе ажыццявіць цікавую экскурсію па Беларусі ў часе і прасторы.

Юнакі распрацавалі сам турыстычны маршрут, стварылі рэкламныя ўлёткі, пазнавальны раздатачны матэрыял у выглядзе рэзюмэ гістарычных персон, іх кантактаў і іншыя буклеты, якія могуць быць карысныя і цікавыя ўдзельнікам тура. На кожным з гістарычных аб'ектаў іх чакае не проста займальная экскурсія, але і квэсты, гульні, імправізацыі, якія дапамогуць разнастаіць знаёмства з гісторыяй і замацаваць атрыманыя веды.

Праект з'яўляецца міждысцыплінарным таму, што ў ім задзейнічаны сілы студэнтаў розных спецыяльнасцяў аднаго факультэта. Так, аналізам навуковых даследаванняў займаліся студэнты-гісторыкі, распрацоўкай інтэрактыўнай і забаўляльнай часткі - будучыя спецыялісты па сувязях з грамадскасцю і журналісты, правядзеннем сацыялагічных даследаванняў па запатрабаванасці маршруту - студэнты спецыяльнасці "Сацыялогія", распрацоўкай тэхналагічных карт - студэнты спецыяльнасці "Турызм і гасціннасць», перакладам архіўных дакументаў - студэнты спецыяльнасці «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурнай камунікацыі».

У планах у аўтараў і стваральнікаў - не проста ўвасобіць у жыццё свой праект, але і перадаць яго, як яны кажуць, у надзейныя рукі. Выпускнікі ўжо зрабілі прапановы некалькім турыстычным фірмам, у тым ліку і рэгіянальнаму цэнтру турызму ГрДУ імя Янкі Купалы. Адзначаючы высокі ўзровень распрацоўкі праекта, прарэктар па вучэбнай рабоце Генадзій Гачко падкрэсліў, што у 2018 годзе плануецца адкрыццё Цэнтра трансферу тэхналогій, які будзе працаваць не толькі па тэхнічных напрамках, але і прыцягваць да супрацоўніцтва спецыялістаў гуманітарнай сферы. Таму праект «Музыка стагоддзяў» цалкам можа быць рэалізаваны ў рамках новай універсітэцкай структуры. Яшчэ адзін варыянт увасаблення ідэй купалаўцаў прапанаваў дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Аляксандр Нечухрын. У прыватнасці, юнакі могуць паступіць у магістратуру і працягнуць працу над праектам. Аляксандр Мікалаевіч запэўніў, што падтрымку студэнтам акажуць на факультэцкіх і ўніверсітэцкім узроўнях.

Адзначым, што канцэпцыю праекта і найбольш цікавыя яго матэрыялы студэнты прадставілі на агульнаўніверсітэцкім конкурсе моладзевых ідэй і занялі першае месца. Высокія ацэнкі за сваю працу рабяты атрымалі на навукова-практычных канферэнцыях  «Сацыялагічныя чытанні - 2017» і «Навука - 2017», якія праходзілі вясной на роднай факультэце.

Цікавыя факты і каментары аўтараў і навуковых кіраўнікоў аб міждысцыплінарным дыпломным праекце чытайце ў новым выпуску газеты «Гродзенскі ўніверсітэт»!