Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 31 Май 2017 16:33

У ГрДУ імя Янкі Купалы прэзентавалі кнігу пра адну з кафедраў універсітэта

5484 6Кніга «Кафедра матэматыкі і методыкі яе выкладання Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы: гістарычны нарыс» з'яўляецца шматгадовай працай дацэнта кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання купалаўскага ўніверсітэта Ганны Серафімаўны Сідарчук.

 

Ўбачыць і пазнаёміцца з новым выданнем студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы, а таксама запрошаныя госці змаглі 30 мая падчас прэзентацыі.

– Гэта ўнікальная кніга, такіх у навуковай бібліятэцы купалаўскага ўніверсітэта няшмат. Дзякуючы гэтаму працы мы можам назіраць гісторыю развіцця не толькі кафедры, але і ўсяго універсітэта, - адкрываючы сустрэчу, падкрэсліў дырэктар навуковай бібліятэкі Мікалай Грынько.

Прарэктар па навуковай рабоце Уладзімір Барсукоў адзначыў, што новае выданне ўяўляе вопыт мінулых пакаленняў выкладчыкаў. З кнігі можна даведацца, хто стаяў ля вытокаў станаўлення кафедры, новых навуковых напрамкаў, якія цікавілі даследчыкаў. Уладзімір Георгіевіч выказаў надзею, што дадзеная кніга стане штуршком для стварэння новай працы пра іншыя кафедры нашага ўніверсітэта.

Як распавяла аўтар, напісанне кнігі пачалося з выпадковай знаходкі ў адным з архіваў універсітэта. У дакументах Ганна Серафімаўна выявіла інфармацыю пра сваіх цёзак - шлюбнай пары Сідарчук, якія не адзін год прысвяцілі сябе працы ў Гродзенскім педінстытуце. Тады і прыйшла ідэя напісаць кнігу пра людзей - выкладчыкаў і выпускнікоў кафедры матэматыкі і методык яе выкладання (цяпер гэта кафедра прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання - заўв.), аб іх дзейнасці і працы. Сярод гэтых людзей Героі сацыялістычнай працы, удзельнікі партызанскага руху, выдатныя настаўнікі гарадскіх і сельскіх школ, дактары і кандыдаты навук, дацэнты.

- Кафедра матэматыкі і методык яе выкладання займала ключавую ролю ў развіцці Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, і яе гісторыя - гэта калейдаскоп падзей, фактаў, канцэпцый дзейнасці навучальнай установы і вышэйшай адукацыі ў цэлым, - адзначыла Ганна Серафімаўна.

Для напісання кнігі аўтар выкарыстала больш за 10 архіваў, што гэта дакументы раённых аддзелаў адукацыі горада і ўніверсітэта. У выданні разглядаецца гісторыя станаўлення і развіцця кафедры ў перыяд з 1985 па 2000-я гады, яе месца і роля ў структуры педагагічнага факультэта, змест дзейнасці калектыву кафедры па асноўных напрамках. Асаблівая ўвага нададзена педагагічнай і навуковай рабоце тых выкладчыкаў, якія стаялі ля вытокаў стварэння факультэта і кафедры ў 1958 годзе: першага дэкана Антона Рагойшы, першага загадчыка кафедры Вольгі Шараевай, першага метадыста ў галіне выкладання матэматыкі ў пачатковых класах Таццяны Альсмік. Адзначана творчая дзейнасць першых выпускнікоў факультэта педагогікі і методыкі пачатковага навучання, філалагічнага факультэта, якія працавалі ў 60-я - пачатку 2000-х гадоў, выпускнікоў фізіка-матэматычнага факультэта Гродзенскага педінстытута і матэматычнага факультэта купалаўскага ўніверсітэта, якія працуюць і да гэтага часу.