Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 05 Студзень 2017 11:47

Выпускнік ГрДУ імя Янкі Купалы, стваральнік папулярнага прыкладання MSQRD Яўгеній Неўгень увайшоў у ТОП-30 прадпрымальнікаў свету малодшых за 30 гадоў па версіі Forbes

3458 1У праекце «30 under 30» амерыканскі часопіс Forbes прадставіў 30 маладых прадпрымальнікаў, інаватараў і трэндсеттараў у 20 катэгорыях. Сярод лепшых у «Спажывецкіх тэхналогіях» фігуруюць гродзенцы: Яўгеній Неўгень, выпускнік факультэта матэматыкі і інфарматыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, і яго калега - Сяргей Ганчар.

У тэхналагічны рэйтынг - 2016 ўвайшлі не толькі стваральнікі папулярных прыкладанняў, але і распрацоўшчыкі прылад, якія могуць мець вялікі ўплыў у будучыні.

Нагадаем, купля тэхналагічным гігантам Facebook беларускага стартапа Masquerade стала галоўнай падзеяй 2016 года для беларускага ІТ. Каманда на чале з гродзенцамі Яўгеніем Неўгенем, Сяргеем Ганчаром і расіянінам Яўгеніем Зацепякіным распрацавала віруснае мабільнае прыкладанне MSQRD, якое дазваляе накладваць графічныя эфекты на відэа- і фотавыявы асоб карыстальнікаў.

Па выніках года Masquerade трапіла ў лік лепшых прыкладанняў года на Google Play і App Store, а Яўгеній Неўгень прадставіў Беларусь у  топ-100 інаватараў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Рэдакцыя Forbes штогод праводзіць маштабнае даследаванне самых перспектыўных прадпрымальніцкіх кадраў у розных галінах, ад энергетыкі, фінансаў і тэхналогій да музыкі, спорту і навукі, - «30 Under 30». У кожнай з 20 катэгорый журналісты пры дапамозе экспертаў і ўдзельнікаў рынку выбіраюць 30 прадпрымальнікаў маладзейшых за 30 гадоў, якія рэалізуюць прарыўныя для сваёй індустрыі праекты.

 

Па інфармацыі сайта dev.by

Фота: інфармацыйны партал TUT.BY

 

3458 2