Надрукаваць гэтую старонку
Субота, 31 Снежань 2016 12:45

Навагодняе віншаванне рэктара ГрДУ імя Янкі Купалы Андрэя Караля

3428 1Дарагія сябры!

Ад усёй душы віншую Вас з Новым годам і Нараджэннем Хрыстовым!

Адыходзячы год быў няпростым, дынамічным, багатым на падзеі і нашы дасягненні. Універсітэт пацвердзіў званне лаўрэата Прэміі Урада ў галіне якасці і статус навуковай арганізацыі, высокіх дзяржаўных узнагарод удастоены супрацоўнікі ўніверсітэта. У 2016 былі закладзены ключавыя асновы для далейшага развіцця: мы прынялі новыя Місію і Бачанне, зацвердзілі Стратэгію развіцця ўніверсітэта на бліжэйшыя гады, зрабілі першыя важныя крокі ў яе рэалізацыі і маем першыя вынікі.

Дзякуючы сфарміраванай сістэме практыка-арыентаванай адукацыі, універсітэт стаў сузаснавальнікам першага ў краіне Інавацыйнага медыйнага кластара. Падпісана пагадненне аб стварэнні Абласнога адукацыйнага кластара. Мы прадоўжылі ўмацоўваць супрацоўніцтва з прадстаўнікамі заказчыкаў кадраў, на якасна новым узроўні была арганізавана дзейнасць Каардынацыйных саветаў па падрыхтоўцы кадраў.

Упершыню ў 2016 годзе былі абаронены 4 доктарскіх і 19 кандыдацкіх дысертацый. Выйшаў першы нумар электроннага часопіса «Універсітэт адукацыйных інавацый», які накіраваны на павышэнне якасці адукацыі шляхам прымянення інавацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе.

Паспяхова прайшла ўступная кампанія. Мы пачалі падрыхтоўку па спецыяльнасці «Мытная справа» і адкрылі 4 новыя практыка-арыентаваныя спецыяльнасці на другой ступені вышэйшай адукацыі. Значна павялічылася колькасць магістрантаў, якіх на сённяшні дзень ва ўніверсітэце больш за паўтысячы.

На працягу года мы не раз радаваліся поспехам нашых калег і студэнтаў у навуковай і адукацыйнай сферах дзейнасці, ганарыліся перамогамі купалаўцаў у шматлікіх творчых конкурсах, фестывалях і спартыўных спаборніцтвах.

Мы працягнулі ўдасканальваць матэрыяльна-тэхнічную базу ўніверсітэта: мадэрнізавана чытальная зала навуковай бібліятэкі, палепшаны ўмовы пражывання студэнтаў у адным з інтэрнатаў.

Напярэдадні навагодніх святаў я хачу выказаць вялікую ўдзячнасць усяму калектыву ўніверсітэта. Дзякуючы нашай працы, прафесіяналізму і адказнасці мы захавалі і ўмацавалі той высокі статус, які ўніверсітэт займае ў адукацыйнай прасторы краіны і за яе межамі.

Дарагія калегі, я жадаю, каб новы год напоўніў Ваша жыццё яркімі ідэямі і дасягненнямі, новымі прафесійнымі мэтамі, быў стабільным і паспяховым, стваральным і творчым!

Студэнтам, якія сваімі навуковымі, творчымі і спартыўнымі поспехамі памнажаюць славу ўніверсітэта, я жадаю ўдачы ў зімовай сесіі і самарэалізацыі!

Напярэдадні новага года кожнаму жадаю шчасця, любві, цяпла ў доме, адносінах, цярпення і цярпімасці, добрага настрою, радасці, міру і дабрабыту, поспехаў у новым годзе!

 

Рэктар Андрэй Кароль