Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 21 Снежань 2016 15:18

Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Андрэй Кароль прыняў удзел у абласной дабрачыннай акцыі «Ёлка жаданняў», арганізаванай Гродзенскай абласной арганізацыяй Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа

На главную ректор БОККАкцыя стартавала ў пачатку снежня і накіравана на падтрымку дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, са шматдзетных і маламаёмных сем'яў, дзяцей-сірот і выхаванцаў сацыяльных прытулкаў. Першыя дванаццаць падарункаў маленькія гродзенцы атрымалі 20 снежня.

– На працягу месяца дзеці з усіх раёнаў Гродзеншчыны пісалі Дзеду Марозу лісты. І гэтых лістоў было больш за тысячу, 200 з іх даслалі дзеці з Гродна, - расказаў намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктар Лісковіч. - Дарослыя вырашылі дапамагчы казачнаму чараўніку і здзейснілі навагоднія мары дзясяткаў дзяцей.

Пажадаўшы ўсім шчасця, моцнага здароўя, поспеху і дабрабыту, Віктар Андрэевіч уручыў першы падарунак адной з удзельніц акцыі. Услед за ім маленькім гарадзенцам падарункі перадалі прадстаўнікі органаў мясцовай улады, прадпрыемстваў і грамадскіх аб'яднанняў горада, рэктары гродзенскіх універсітэтаў. Сярод іх рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы. Андрэй Кароль падарыў гродзенцу Ягору Сухушыну мазаіку, пра якую хлопчык напісаў у лісце. У адказ Ягор уручыў рэктару пацешны навагодні сувенір, зроблены сваімі рукамі.

Падчас свята забаўлялі дзяцей Дзед Мароз і Снягурка. Іх ролі выканалі валанцёры Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. А ў канцы сустрэчы ўсе дружна вадзілі карагод вакол навагодняй елкі.

Нагадаем, што ў рамках акцыі «Ёлка жаданняў» у кожным буйным гандлёвым цэнтры вобласці былі ўсталяваныя навагоднія зялёныя прыгажуні, якія замест звыклых цацак ўпрыгожвалі лісты ад дзяцей. Кожны мог паўдзельнічаць у акцыі, пераўвасобіцца ў Дзеда Мароза: гарадзенцам прапаноўвалі набыць падарунак па просьбе дзіцяці альбо ахвяраваць суму на выкананне жаданняў дзяцей. Акцыя ўсё яшчэ працягваецца: у цяперашні час валанцёры Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа наведваюць рэабілітацыйныя цэнтры, бальніцы, дзіцячыя дамы і дамы-інтэрнаты, дзе ўручаюць выхаванцам доўгачаканыя падарункі.