Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 20 Снежань 2016 10:30

Замежныя слухачы факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі ГрДУ імя Янкі Купалы сталі ўдзельнікамі тэатралізаванага шэсця Дзедаў Марозаў і Снягурак

IMG 6830

Шэсце Дзедаў Марозаў і Снягурак сабрала на галоўнай плошчы Гродна сотні ўдзельнікаў. У іх ліку ў гэтым годзе былі замежныя студэнты і слухачы факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, якія на адзін вечар пераўвасобіліся ў казачных персанажаў.

Падтрымаць купалаўцаў прыйшлі дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Юрый Раманоўскі, загадчык кафедры моўнай падрыхтоўкі беларускіх і замежных грамадзян Іна Самойлава і супрацоўнікі факультэта. Дарэчы, выкладчыкі кафедры моўнай падрыхтоўкі беларускіх і замежных грамадзян падрыхтавалі іншаземцаў з 15 краін да ўдзелу ў святочным мерапрыемстве.

– У 25 казачных альпійскіх гномаў быў свой Дзед Мароз, ролю якога паспяхова выканаў слухач Тахір Сеід Кедзір з Эфіопіі. Снягуркай стала студэнтка Ян Чжыся, якая прыехала ў рамках праграмы міжуніверсітэцкага абмену з Кітая, - падзялілася старшы выкладчык кафедры Таццяна Чаркес. - Адміністрацыя горада вылучыла для замежных удзельнікаў святочнага мерапрыемства спецыяльную пляцоўку на Савецкай плошчы, на якой яны забаўлялі гродзенцаў.

Эфіёпскі Дзед Мароз і кітайская Снягурка, іх вясёлыя гномы і многія іншыя казачныя персанажы разам з жыхарамі горада вадзілі карагоды вакол ёлкі, спявалі песні і чыталі вясёлыя вершы на рускай мове.

– Для гасцей, якія сабраліся на пляцоўцы, гучалі навагоднія песні на васьмі мовах: англійскай, французскай, нямецкай, кітайскай, польскай, туркменскай, бэнгалі, - адзначыла Таццяна Уладзіміраўна. - І, вядома, усе пачулі выкананне песні «Маленькой елочке» на рускай!

Асаблівую ўвагу да сябе замежныя казачныя персанажы прыцягнулі ў дзяцей, якія станавіліся ў чаргу, каб прачытаць верш ці праспяваць песеньку нашым Дзеду Мароза і Снягурцы і атрымаць салодкі падарунак.