Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 20 Снежань 2016 10:19

Праект студэнта ГрДУ імя Янкі Купалы прызнаны пераможцам на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі»

IMG 6938Упершыню на абласным этапе рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу «100 ідэй для Беларусі», які прайшоў 19 снежня ў МЦ «Гродна», было прадстаўлена 24 праекты. Для параўнання ў мінулым годзе ў абласны тур конкурсу выйшлі толькі 16 ідэй.

Ад Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы, Тэхналагічнага і Лідскага каледжаў заяўлена пяць праектаў, якія былі адобраны яшчэ на занальным этапе. Ідэі купалаўцаў закранаюць прамысловую, медыцынскую сферы і вобласць энергазберажэння. Ацэньваў праекты экспертны савет, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі выканаўчай і заканадаўчай улады горада, прадпрыемстваў, кампаній, арганізацый і грамадскіх аб'яднанняў Гродзеншчыны. Наведалі конкурс і падтрымалі сваіх студэнтаў рэктар нашай alma mater Андрэй Кароль і рэктар Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Вітольд Песціс.

Словы прывітання ў адрас удзельнікаў прагучалі ад начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандра Вярсоцкага, першага сакратара Гродзенскага абласнога аддзялення ГА «БРСМ» Эліны Брага і каардынатара праекта «100 ідэй для Беларусі» Алесі Віннік.

– Па традыцыі Гродзенская вобласць прадстаўляе яркія, якасна прапрацаваныя праекты, якія гатовыя да камерцыялізацыі, - вітаючы маладых людзей ад імя першага сакратара ЦК ГА «БРСМ» Андрэя Белякова, адзначыла Алеся Віннік. - Усе праекты, якія адбіраюць на конкурс «100 ідэй для Беларусі», рэалізуюць тыя пяць ключавых мэтаў і задач, якія адлюстраваны ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на наступныя пяць год. Безумоўна, гэта арыентацыя ідэй на інвестыцыі, экспарт, інфарматызацыю, занятасць насельніцтва і на моладзь. Хацелася б усім пажадаць поспехаў, веры ў сябе і самарэалізацыі!

Тры праектныя ідэі, якія прадставілі студэнты факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання ГрДУ імя Янкі Купалы, асабліва зацікавілі экспертны савет. Суддзі пыталіся пра інавацыйнасці і сабекошт прадуктаў, перавагі распрацовак купалаўцаў. На конкурсе студэнты прэзентавалі аднаразовую здымную насадку для апарата гідравакуумаспірацыі, лічбавы асцылограф з шматфункцыянальным генератарам і металапалімерныя ролікі для стужкавых канвеераў. Дарэчы, апошнія два праекты ўжо рэалізуюцца і маюць поспех.

– За гэты год мы прадалі 150 асцылографаў школам Гродзеншчыны, - растлумачыў дырэктар РУП «УНЦП «Технолаб», кіраўнік аднаго з праектаў Аляксандр Васілевіч. - Гэты прыбор дазваляе ў арыгінальнай форме праводзіць лабараторныя заняткі і практыкумы па фізіцы ва ўстановах адукацыі. Наша распрацоўка не мае аналагаў на постсавецкай прасторы, падобныя вырабы вырабляюць у Кітаі і Карэі, аднак толькі наш прыбор ажыццяўляе аўтаматызаваны збор дадзеных і апрацоўвае іх.

Навучэнец Тэхналагічнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы прапанаваў увазе экспертнага савета мадэль рачной электрастанцыі, а Лідскага каледжа - прыладу для аўтаматычнага рэгулявання ўзроўню вадкасці і сыпкіх рэчываў.

– Прылада можа прымяняцца як у бытавых, так і ў прамысловых умовах, - расказаў аўтар ідэі, навучэнец Лідскага каледжа Міхаіл Шаванюк. - Аналагаў маёй распрацоўцы існуе вялікае мноства, але ўсе яны функцыянуюць толькі ў адным кірунку і выкарыстоўваюцца альбо дзеля спусташэньня ёмістасці, альбо для яе напаўнення. Інавацыйнасць ідэі як раз складаецца ў тым, што прылада працуе ў двух кірунках.

Узнагародзіў канкурсантаў старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Краўцоў, які адзначыў, што моладзь Гродзеншчыны вельмі таленавітая і здольная.

Уладзімір Васільевіч уручыў тром удзельнікам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі» дыпломы пераможцаў. Сярод іх студэнт 5 курса факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Дзмітрый Слесар, які прэзентаваў праект «Металапалімерных ролікі для стужкавых канвеераў».