Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 08 Снежань 2016 12:27

У ГрДУ імя Янкі Купалы вызначылі першага пераможцу Адкрытага чэмпіянату ўніверсітэта па інтэлектуальных гульнях

3137 1Фінал восеньскай серыі гульняў Адкрытага чэмпіянату Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы па інтэлектуальных гульнях сабраў 13 каманд.

Удзельнікамі спаборніцтва сталі студэнты факультэта матэматыкі і інфарматыкі, факультэта фізічнай культуры, факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, факультэта псіхалогіі, факультэта біялогіі і экалогіі, інтэрната № 5 студгарадка і зборныя каманды ўніверсітэта.

Чэмпіянат праводзіўся ў два этапы. На завочным удзельнікам прапанавалі прайсці конкурс «Медыя Азбука» і музычны адборачны тур. Па яго выніках у фінал прайшлі 7 каманд для ўдзелу ў гульні на выбыванне. Сярод шасці каманд, якія не прайшлі ў вочны этап, арганізатары правялі міні-гульню «Куча мала», дзе «шчаслівы квіток» заваяваў прадстаўнік адной з каманд факультэта матэматыкі і інфарматыкі і такім чынам вывеў каманду ў фінал турніру.

У барацьбе за перамогу лепшай, на думку аргкамітэта спаборніцтваў, была прызнана каманда факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму. Студэнты на высокім узроўні праявілі сваю эрудыцыю і знаходлівасць, паказалі глыбокія веды і першымі атрымалі пуцёўку ў фінал чэмпіянату, які адбудзецца ў канцы мая 2017 года. Таксама удзельнікі каманды у якасці прыза атрымалі сертыфікат на бясплатны ўдзел у квэсце «Пад замком».

–Астатнія ўдзельнікі фіналу вызначацца ў гульнях зімовай і вясновай серыі, - расказалі арганізатары Адкрытага чэмпіянату ўніверсітэта па інтэлектуальных гульнях. - Мы запрашаем новыя і ўжо сфарміраваныя каманды факультэтаў прыняць удзел у інтэлектуальным турніры.

Трэніроўкі для ўсіх жадаючых праходзяць кожную суботу ў 13.00 па адрасе: вул. Леніна, 32 аўд. 3.