Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 25 Лістапад 2016 16:00

Студэнтка ГрДУ імя Янкі Купалы Вераніка Кажанеўская перамагла ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года - 2016» (ФОТАСПРАВАЗДАЧА)

греат294За тытул «Студэнт года - 2016» на абласным этапе конкурсу змагаліся студэнткі трох ВНУ горада: Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Конкурсныя выпрабаванні праходзілі 24 лістапада ў Маладзёжным цэнтры «Гродна».

Адкрыў шоу таленту начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Вярсоцкі.

– Усе ўдзельніцы абласнога этапу конкурсу - гэта выдатніцы вучобы, якія прымаюць актыўны ўдзел у навуковым, творчым, спартыўным, і культурным жыцці і рэгіёну, і краіны, - адзначыў Аляксандр Людвігавіч. - Спадзяюся, што ў гэтым годзе адна з дзяўчын працягне поспехі папярэдніх канкурсантаў, якія прадстаўлялі Гродзеншчыну ў фінале конкурсу ў сталіцы, і заваюе п'едэстал.

Акрамя Аляксандра Вярсоцкага выступы студэнтак ацэньвалі прадстаўнікі аддзелаў Гродзенскага аблвыканкама, Гродзенскага абласнога камітэта ГА «БРСМ», член Саюза пісьменнікаў Беларусі і галоўны рэдактар газеты «Гродзенская праўда». Таксама сярод суддзяў - пераможца конкурсу «Студэнт года - 2015», уладальніца трэцяга месца на рэспубліканскім этапе гэтага конкурсу, студэнтка факультэта мастацтваў і дызайну ГрДУ імя Янкі Купалы Анастасія Аўсейчык.

Па традыцыі дзяўчатам прапанавалі прайсці шэраг выпрабаванняў. Так, студэнткам мелася прадэманстраваць творчы патэнцыял у час конкурсу «Беларусь культурная», у форме тэатральнай пастаноўкі «прарэкламаваць» любімы твор беларускай літаратуры і адказаць на каверзныя пытанні членаў журы. Кожная з удзельніц падзялілася тым, што яна лічыць галоўнай жыццёвай каштоўнасцю, чаму паставіла перад сабой мэту стаць студэнтам года і ці дапамагае знешняя прывабнасць пры здачы экзаменаў і залікаў. Працягнулася шоу прэзентацыяй відэаролікаў «Я - студэнт», дзе дзяўчыны ў гумарыстычнай форме паказалі ўсе бакі студэнцкага жыцця.

Па рашэнні журы тытула  «Студэнт года - 2016» была ўдастоена студэнтка 3 курса педагагічнага факультэта нашай alma mater Вераніка Кажанеўская. Таксама дзяўчыну прызналі лепшай па выніках анлайн-галасавання і галасавання гледачоў падчас конкурсу. Акрамя таго, суддзі асабліва адзначылі групу падтрымкі нашай канкурсанткі: каманда заўзятароў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы атрымала спецыяльны прыз за актыўную падтрымку.

Неўзабаве Вераніцы трэба будзе прадстаўляць Гродзенскую вобласць у фінале рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года - 2016». Выпрабаванні найбольш таленавітых і адораных студэнтаў пройдуць у снежні ў Мінску.