Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 23 Лістапад 2016 11:28

Дэлегацыя ГрДУ імя Янкі Купалы прыняла ўдзел у Рэспубліканскім фестывалі студэнцкай творчасці «Студэнцкая восень - 2016»

2936 4Рэспубліканскі фестываль студэнцкай творчасці «Студэнцкая восень - 2016» на тры дні аб'яднаў у Мінску студэнтаў і супрацоўнікаў 39 універсітэтаў Беларусі. Сярод удзельнікаў прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Нашу альма-матэр на мерапрыемстве прадстаўлялі прарэктар па вучэбнай працы Генадзій Гачко, намеснік начальніка Рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і прафесійнай арыентацыі моладзі Святлана Апановіч, намеснік дэкана факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Ганна Касяноўская, старшыня прафкама студэнтаў Яўгеній Міхайлавіч, лабарант вучэбнай радыёстудыі Анастасія Паўлава, а таксама купалаўцы - студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, факультэта мастацтваў і дызайну, юрыдычнага факультэта, факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання, факультэта эканомікі і кіравання.

Рэспубліканскі фестываль студэнцкай творчасці «Студэнцкая восень - 2016» 15 лістапада ўрачыста адкрылі Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Жураўкоў і старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда.

- Студэнцкая моладзь Беларусі вельмі актыўная, адгукаецца на ўсе прапановы, якія зыходзяць ад Міністэрства адукацыі. У сваю чаргу, нам хацелася б працаваць са студэнцтва ў тандэме, тым самым сумесна вызначаць будучыню нашай краіны, - выступаючы перад маладым пакаленнем, падкрэсліў Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў.

Працягнулася сустрэча ў фармаце адкрытага дыялогу, дзе ўсе жадаючыя маглі выказаць свой пункт гледжання, адзначыць тыя працэсы, якія ў цяперашні час адбываюцца ў грамадстве, і атрымаць адказы на пытанні.

На наступны дзень члены дэлегацыі нашага ўніверсітэта правялі прафарыентацыйную акцыю для школьнікаў горада Мінска. Акрамя таго, купалаўцы прынялі ўдзел у конкурсных выпрабаваннях і паказалі свае таленты журы ў намінацыях «Вакал», «Інструментальны жанр», «Харэаграфія» і «Арыгінальны жанр».

- Таксама мы пабывалі на майстар-класах фіналістаў нацыянальнага адбору на Міжнародны конкурс «Еўрабачанне - 2016»: гурты «Наві» і мастацкага кіраўніка Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра танца «Алексіса» Аляксандра Зенчанка, - распавялі студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы.

У апошні дзень форуму - 17 лістапада - купалаўцы наведалі Курган Славы і санаторна-аздараўленчы комплекс «Крыніца» ў Мінскім раёне. Студэнты аддалі даніну памяці загінулым чырвонаармейцам, якія ўдзельнічалі ў вызваленні БССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе.

Завяршыўся фестываль канцэртам на пляцоўцы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, падчас якога выступілі найбольш таленавітыя студэнты ВНУ Рэспублікі Беларусі, якія прайшлі папярэдні адбор прафесійнага журы і зорак беларускай эстрады.

Па выніках форуму Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы адзначаны сертыфікатам ўдзельніка Рэспубліканскага фестывалю Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. А студэнты 5 курса факультэта мастацтваў і дызайну Максім Казуленка і Ягор Савіцкі занялі другое месца ў інструментальна-вакальнай намінацыі творчага конкурсу «Студэнцкая восень - 2016».