Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Серада, 16 Лістапад 2016 12:17

Для настаўнікаў Гродзеншчыны ў ГрДУ імя Янкі Купалы правялі семінар па англійскай мове

2843 1На факультэце даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прайшоў навукова-практычны семінар «Ад творчага пошуку, удасканалення прафесійных кампетэнцый - да Алімпу» для педагогаў Гродзенскай вобласці. Тэмай занятка стала «Цэнтралізаванае тэсціраванне па англійскай мове: асаблівасці ўжывання прыназоўнікаў і паслялогаў».

- Выбар тэмы не выпадковы, аб разглядзе дадзенай тэмы прасілі педагогі на семінары, які прайшоў вясной 2016 года, - адзначыла выкладчык кафедры сучасных тэхналогій дауніверсітэцкай адукацыі Алена Бутрым.

Алена Іванаўна пазнаёміла настаўнікаў англійскай мовы з некаторымі асаблівасцямі ўжывання прыназоўнікаў і паслялогаў ў заданнях цэнтралізаванага тэсціравання.

- У ходзе работы семінара мы прааналізавалі тэставыя заданні мінулых гадоў, якія маюць на мэце праверку ўменняў выкарыстоўваць прыназоўнікі ў розных устойлівых спалучэннях, разгледзелі прыклады ўжывання розных часцін мовы з прыназоўнікам і паслялогамі. Акрамя таго, я прадставіла сістэму практыкаванняў па фарміраванні навыкаў і развіццю ўменняў выкарыстання фразавых дзеясловаў у вуснай і пісьмовай мове, - падкрэсліла Алена Бутрым. - Таксама падчас занятку мы адзначылі метадычныя падыходы карэкцыі і папярэджання тыповых памылак у заданнях ЦТ па англійскай мове.

Затым настаўнікі абмяняліся вопытам педагагічнай дзейнасці па пытаннях падрыхтоўкі вучняў да цэнтралізаванага тэсціравання.

Педагогі адзначылі высокую эфектыўнасць праведзенага мерапрыемства і выказалі пажаданне працягнуць супрацоўніцтва.

Ініцыятарам правядзення семінара для настаўнікаў Гродзеншчыны выступіла кафедра сучасных тэхналогій даўніверсітэцкай адукацыі факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі ГрДУ імя Янкі Купалы.

 

Да тэмы

Таксама супрацоўнікі факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі правялі семінары па астраноміі і біялогіі. Дацэнт кафедры сучасных тэхналогій даўніверсітэцкай адукацыі факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Вольга Жарнова арганізавала для педагогаў Гродзенскай вобласці занятак па астрафізіцы. Вольга Аляксандраўна расказала пра тэндэнцыі алімпіядных заданняў па астраноміі, пазнаёміла настаўнікаў з асноўнымі тэмамі, якія павінен ведаць школьнік, які плануе ўдзельнічаць у алімпіядах па астраноміі, паказала нестандартныя спосабы вырашэння задач рэспубліканскай алімпіяды.

Старшы выкладчык кафедры батанікі Людміла Кавалеўская пазнаёміла педагогаў Гродзеншчыны з класіфікацыяй вучэбных задач, прадаставіла алгарытм рашэння рознага роду біялагічных задач. Таксама на занятку былі разгледжаны розныя тыпы задач па тэме «Экалагічныя фактары»: тэкставыя задачы, задачы на аналіз уплыву экалагічных фактараў на арганізм, адаптацыю арганізмаў да экалагічных фактараў, заканамернасці дзеяння экалагічных фактараў на арганізм, графічныя задачы.

Настаўнікі Гродзенскага рэгіёну выказалі жаданне працягнуць падобныя сустрэчы і прапанавалі тэмы, разгляд якіх быў бы ім карысны. Наступныя семінары па англійскай мове, астрафізіцы, біялогіі запланаваны на снежань-студзень. Таксама плануецца правядзенне заняткаў па беларускай мове і гісторыі Беларусі.